Беларускім таксістам загадалі прыбраць рэкламу казіно
- 27.09.2026, 21:14
Улады рыхтуюць забарону пасля публічнай вымовы Лукашэнкі.
Беларускім таксістам настойліва прапанавалі тэрмінова прыбраць усю рэкламу казіно і азартных гульняў з бартоў аўтамабіляў. Такое паведамленне з'явілася ў рэестры перавозчыкаў, піша «Онлайнер». Аўтапаркі таксама просяць не дапускаць размяшчэння рэкламы такіх устаноў у салонах аўтамабіляў.
Тэкст складзены так, быццам таксістам проста рэкамендуюць прыбраць усю рэкламу, каб не дапускаць папулярызацыі азартных гульняў і казіно. Але пасыл гучыць даволі катэгарычна.
Закон аб рэкламе азартных гульняў і казіно ў Беларусі пакуль толькі рыхтуецца. Працэс пачаўся пасля публічнай вымовы Лукашэнкі на адной з нарад. Ён абурыўся колькасцю рэкламы букмэкерскіх кантор і казіно, якой Мінск абляплены ўжо некалькі гадоў. Лукашэнка заявіў, што, паводле ягоных адчуванняў, уся краіна «круціць гуся» — гэта слоган адной з букмэкерскіх кампаній. І загадаў разабрацца.
Пасля гэтага ў Міністэрстве гандлю анансавалі змены ў законах. Плануецца забараніць вонкавую рэкламу казіно за рэдкім выключэннем. Таксама рэкламу збіраюцца прыбраць з грамадскага транспарту і іншых прастораў.
Закон пакуль не прынялі, але таксістам ужо «прапануюць аператыўна забяспечыць зняцце» рэкламы азартных гульняў і «не дапускаць яе размяшчэння ў салонах».