У Докшыцкім раёне пагоня ДАІ скончылася стрэлянінай
- 28.09.2026, 11:28
Вадзіцель аўтамабіля ВАЗ адмовіўся спыніцца і спрабаваў схавацца.
Ранняй раніцай 28 верасня ў Докшыцкім раёне супрацоўнікі ДАІ хацелі спыніць светлы аўтамабіль ВАЗ, аднак вадзіцель не адрэагаваў. У выніку адбылася пагоня са стрэлянінай, паведамілі ў МУС.
У Докшыцкім раёне каля 4:30 супрацоўнікі ДАІ падалі вадзіцелю ВАЗ сігнал аб спыненні. Той не спыніўся — пачаўся пераслед.
«На неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў парушальнік не рэагаваў і спрабаваў схавацца. Сваімі дзеяннямі ён ствараў рэальную пагрозу бяспецы іншых удзельнікаў дарожнага руху, было прынята рашэнне аб выкарыстанні табэльнай зброі», — паведамілі ў МУС.
За рулём апынуўся 32-гадовы неаднаразова асуджаны жыхар Барысаўскага раёна. Яго фізічны стан выклікаў падазрэнні ў інспектараў. Ад праходжання медагляду ён адмовіўся. Раней ён быў пазбаўлены правоў за язду ў нецвярозым стане. У аўтамабілі таксама знаходзіўся ягоны нецвярозы 34-гадовы брат.
Вадзіцель будзе пазбаўлены права кіравання тэрмінам на пяць гадоў, а таксама аштрафаваны на 9 тысяч рублёў. За непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі абодва мужчыны затрыманыя і накіраваныя ў ізалятар часовага ўтрымання, аўтамабіль змешчаны на ахоўную стаянку.