У Бярозе хочуць ажывіць руіны старадаўняга манастыра
- 29.09.2026, 11:16
У старадаўніх будынках плануюць адкрыць міні-гасцініцу, кавярню і музейныя залы.
У Бярозе вырашылі ўдыхнуць новае жыццё ў адну з самых фактурных закінутых мясцін шляхецкай эпохі. На сайце Бярозаўскага райвыканкама апублікавалі паведамленне аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па рэканструкцыі паўднёва-заходняй часткі картэзіянскага манастыра.
Аўтары праекта прапануюць не абмяжоўвацца кансервацыяй мура, а прыстасаваць старадаўнія будынкі пад турыстычны кластар, піша партал Domovita.
Што з'явіцца ўнутры
У самым вядомым будынку комплексу — доме Сапег — плануюць адкрыць міні-гасцініцу. Прастору ў два паверхі і 318 «квадратаў» паделяць на тры нумары на 11 спальных месцаў.
Унізе абсталююць трохмесны пакой, прыстасаваны для людзей з павышанымі патрэбамі. Наверху размесцяць два двухпакаёвыя нумары для сем'яў або кампаній.
Побач, у корпусе справа ад гасцініцы, адкрыецца кавярня плошчай 196,3 м². Пад абедзенную залу з барнай зонай адвялі 62 «квадраты» — на 21 госця.
Меню пабудуюць на паўфабрыкатах высокай ступені гатоўнасці, таму фармат падыдзе для лёгкай перакускі.
У корпусе злева ад уязной брамы першы паверх аддадуць пад музейныя залы і тэхнічныя памяшканні, а на мансардзе размесціцца фондаўсховішча. Суседнюю вежу звяжуць выхадам з другім паверхам.
Корпус злева ад гасцініцы стане адміністрацыйна-грамадскім цэнтрам: уваходная зона, сувенірная крама і канферэнц-зала на 50 чалавек.
Што яшчэ зробяць
У абноўленых корпусах наладзяць электрычнае ацяпленне, усталююць кандыцыянеры, правядуць сеткі сувязі і змантуюць камеры відэаназірання. Работы з самімі будынкамі будуць ашчаднымі: дахі, аконныя і дзвярныя праёмы беражліва адновяць паводле рэстаўрацыйных тэхналогій.
Побач з комплексам абустрояць паркоўку на 6 турыстычных аўтобусаў і 29 легкавых аўтамабіляў. Побач пабудуюць асобны платны грамадскі туалет. Тэрыторыю ўнутры двара добраўпарадкуюць пешаходнымі дарожкамі, ліхтарамі і лавамі, выдзеляць пляцоўкі пад сезонныя гандлёвыя павільёны.
Стары дзёрн здымуць на час работаў, а потым вернуць урадлівую глебу і засеюць больш за 8300 «квадратаў» газона. Дрэвы і кустоўе застануцца некранутымі.
Гісторыя месца
Картэзіянскі комплекс у Бярозе быў адзіным манастыром гэтага ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Яго будавалі амаль 40 гадоў — з 1648 па 1689 год — паводле праекта італьянскага архітэктара Джавані Батісты Джызлені.
Сродкі выдзеліў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега. Абіцель задумвалі як непрыступную крэпасць з тоўстымі сценамі, вежамі, рвам і байніцамі.
Картэзіянцы вялі аскетычнае жыццё: трымалі зарок маўчання, жылі ў ізаляваных келлях. Пры гэтым манастыр стаў магутным эканамічным цэнтрам. Манахі валодалі млынамі, цагельным заводам, лесапілкамі і піваварняй, мелі манаполію на гандаль соллю і віном.
Разбурэнні пачаліся ў XVIII стагоддзі падчас Паўночнай вайны. Пазней абіцель закрылі за падтрымку польскага паўстання. Корпусы ператварылі ў казармы, а касцёл і сцены разбіралі на цэглу.
Да нашых дзён дайшлі толькі фрагменты агароджаў, частка вежы, руіны званіцы і ўязная брама, якая сёння ўпрыгожвае герб Бярозы.