BE RU EN

Упершыню ў Беларусі дзіця атрымала імплант ствала галаўнога мозгу

  • 29.09.2026, 14:55

Трохгадовы Платон пачаў чуць пасля складанай аперацыі ў Германіі.

Імплант ствала галаўнога мозгу ўпершыню ў Беларусі ўсталявалі дзіцяці, піша pristalica.by. Дзякуючы яму, трохгадовы Платон Міронавіч пачаў чуць. На аперацыю збіралі ўсёй краінай — €85 тыс. залічылі на рахунак бацькоў за два з паловай месяцы.

Платон жыве ў вёсцы Лескаўка Мінскага раёна. Ён нарадзіўся глухім, хоць яго брат-блізнюк Ярык з’явіўся на свет цалкам здаровым. Дакладны дыягназ дзіцяці — прыроджаная адсутнасць слімакаў і паўкружных каналаў, двухбаковая нейрасэнсарная тугаўхаць. Зноў пачаць чуць Платон мог толькі пасля аперацыі на галаўным мозгу — яму патрэбны быў імплант ствала галаўнога мозгу.

Каб сабраць усю суму на аперацыю (€85 тыс.), бацькі адкрылі дабрачынны збор. Грошы з’явіліся нечакана хутка — за два з паловай месяцы. І ўжо ў сакавіку ў Універсітэцкай клініцы Вюрцбурга ў Германіі Платону зрабілі патрэбную аперацыю. Усяго хлопчык правёў пад наркозам 11 гадзін.

«Было страшна. Лекары папярэджвалі, што аперацыя можа прайсці не па плане. Калі б галаўны мозг не даў адказу на датчыкі, рану проста зашывалі б і адправілі нас дадому», — расказала мама Анастасія.

У маі ў рэанімацыі пад наглядам лекараў дзіцяці падключалі 12 датчыкаў. Працэс быў хвалюючы, бо запрацаваць маглі не ўсе.

«Мне хацелася верыць, што Платон адразу скажа: «Мама, я цябе люблю». Але, натуральна, гэтага не адбылося. Хаця нам вельмі пашанцавала — усе 12 датчыкаў падключыліся», — адзначыла Анастасія.

Зараз хлопчыку здымаюць апарат толькі на ноч. За вухам у яго імплантаваная металічная пласціна, да якой і мацуецца апарат — маленькая магнітная таблетка. Пакуль дадаткова даводзіцца выкарыстоўваць павязку, бо апарат прызначаны для дарослых.

Чуллівасць датчыкаў будуць наладжваць паступова, каб не перагружаць і не пужаць гучнымі гукамі дзіця.

Платон ужо вучыцца гаварыць

Зараз Платон займаецца з педагогамі. І ўжо ёсць першыя поспехі: ён навучыўся вымаўляць гукі «а» і «у». Часам хлопчык можа міжволі паклікаць бацькоў, сказаць доўгачаканыя словы «мама» і «тата».

Таксама Платон пайшоў у дзіцячы садок, у тую ж групу, куды ходзіць яго брат Ярык.

Анастасія прызнаецца, што часам адпусціць сына бывае няпроста — вельмі за яго хвалюецца. Бо любая траўма для Платона можа стаць фатальнай.

Апошнія навіны