BE RU EN

Валерый Карбалевіч: Лукашэнка не давярае свайму атачэнню

  • 30.09.2026, 10:18

Прызначэнне Мураўейкі стала важным сігналам.

Прызначэнне Паўла Мураўейкі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі азначае ўзмацненне кантролю над сілавымі структурамі, перадусім над войскам. Бо Лукашэнка не давярае свайму атачэнню, сілавікам. І гэты недавер ён імкнецца кампенсаваць татальным кантролем, піша на «Радыё Свабода» палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.

Супярэчлівае тлумачэнне

28 верасня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Паўла Мураўейку намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Раней ён займаў пасаду начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны.

З тлумачэнняў Лукашэнкі вынікае, што новы прызначэнец будзе кантраляваць працу войска, у цэлым сілавога сектара. То-бок гэта новая пасада ў адміністрацыі, якой раней не было. І створаная яна спецыяльна пад Мураўейку.

Каментары самога Лукашэнкі адносна гэтага кадравага рашэння, як звычайна, даволі супярэчлівыя. Маўляў, ён прызначыў Мураўейку на згаданую пасаду, «каб атрымаць альтэрнатыўны пункт гледжання на сітуацыю ў Узброеных Сілах».

Але які альтэрнатыўны пункт гледжання на стан войска можа прадставіць чалавек, які толькі што займаў другую па значнасці пасаду ў тым жа самым войску? Для сапраўднай альтэрнатывы патрэбны быў бы нехта збоку, з іншага ведамства.

Яшчэ Лукашэнка заявіў:

«Шмат будзе спекуляцый, пэўных заяў і гэтак далей: «Лукашэнка паддаўся сілавікам, прызначыў у адміністрацыю былога начальніка Генеральнага штаба». Гэта звязана з узмацненнем нейкага там сілавога кампанента. Калі камусьці выгадна так казаць і разважаць — калі ласка, я абсалютна не супраць. Але тое, што ідзе ўзмацненне гэтага кампанента — сілавога сектара і накірунку нашай краіны, — гэта натуральна».

То-бок спачатку Лукашэнка называе павышэнне адміністрацыйнай вагі сілавікоў у дзяржапараце «спекуляцыяй», а потым сам пацвярджае гэтую версію, маўляў, так і ёсць.

Чыноўнік на выпадак авралу

Дарэчы, прызначэнне сілавікоў на кіраўнічыя пасады ў АП — з'ява не апошніх гадоў, а даўняя традыцыя. У розны час кіраўнікамі Адміністрацыі былі людзі ў пагонах: Урал Латыпав, Віктар Шэйман, Генадзь Нявыглас, Уладзімір Макей, Ігар Сяргеенка. А намеснікамі кіраўніка АП працавалі сілавікі Уладзімір Замяталін, Юрый Сівакоў, Станіслаў Князеў.

У сістэме, дзе найбольш запатрабаваная выканаўчая дысцыпліна, а не ініцыятыва ці крэатыўнасць, людзі ў пагонах апрыёры маюць перавагу.

У біяграфіі Паўла Мураўейкі ёсць цікавы эпізод. Яго прызначэнне на пасаду начальніка Генштаба ў маі 2024 года адбылося пры некалькі незвычайных абставінах. Яго папярэднік Віктар Гулевіч афіцыйна быў звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце. Аднак 54 гады — гэта зусім невялікі ўзрост для ваеннага такога ўзроўню.

Той факт, што ўказ аб вызваленні Гулевіча з'явіўся 10 мая 2024 года, адразу пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка вярнуўся з Расіі, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, справакаваў розныя канспіралагічныя версіі.

У любым выпадку выглядае так, што прызначэнне Мураўейкі на пасаду начальніка Генштаба адбылося ў сітуацыі авралу. Чаму кар'ера менавіта гэтага ваеннага пайшла ў гару акурат у момант, калі спатрэбілася тэрміновая замена Гулевічу, і выбар Лукашэнкі прыпаў менавіта на яго?

Скандальныя заявы Мураўейкі

Усе незалежныя медыя звярнулі ўвагу, што Павал Мураўейка вядомы скандальнымі заявамі. Напрыклад, ён казаў, што Беларусь мае права сілай пракласці калідор праз Літву да мора, намякаў на магчымасць прарыву Сувалкскага калідора, пагражаў суседнім краінам ядзернай зброяй, абвінавачваў Захад у падрыхтоўцы да вайны і іншае.

Гэтыя заявы стварылі вобраз Мураўейкі як радыкала, «ястраба», чалавека крайніх поглядаў. У цэлым ён паводзіў сябе як палітычны дзеяч, публічны палітык. Магчыма, тут далося ў знакі яго першапачатковая вайсковая адукацыя. Ён скончыў Мінскае ваенна-палітычнае вучылішча, якое рыхтавала палітрукоў.

Аднак варта звярнуць увагу, што свае скандальныя заявы Мураўейка рабіў, калі займаў пасаду намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. А стаўшы начальнікам Генштаба, раптам змоўк. Таму можна сказаць, што яго радыкалізм — не столькі дэманстрацыя ідэйна-палітычнай пазіцыі, колькі спосаб дасягнення высокіх пасад, сродак рабіць службовую кар'еру.

Ён добра зразумеў, што Лукашэнку даспадобы чыноўнікі, якія бягуць наперадзе паравоза ў выкананні яго загадаў, нават намераў, адгадваюць яго патаемныя настроі, падсвядомыя думкі. І каб выслужыцца, стаць буйным начальнікам, трэба гучна крычаць тое, на што вождзь толькі намякае. У фаворы чыноўнікі, прапагандысты, якія мацней за іншых лаяць ворагаў Лукашэнкі, услаўляюць яго мудрую палітыку. А Мураўейка вельмі хацеў зрабіць кар'еру і гэтага не хаваў.

Недавер і дадатковы кантроль

У чым сэнс гэтага кадравага прызначэння, якія задачы хоча вырашыць Лукашэнка? Перш за ўсё, гэта сведчыць пра яго татальны недавер да свайго атачэння, сілавікоў. Прымаючы рашэнне пра прызначэнне новага намесніка кіраўніка адміністрацыі, Лукашэнка адзначыў, што кандыдатуру Мураўейкі на гэтую пасаду яму ніхто не рэкамендаваў, гэта была яго асабістая прапанова і рашэнне, часткова нечаканае як для цяперашняга кіраўніцтва Адміністрацыі, так і для Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.

Варта ўзгадаць, што летась Аляксандр Лукашэнка выказваў незадаволенасць кадравымі прапановамі, якія рабіў кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Крутой, нават прапаноўваў стварыць нейкую камісію для падбору чыноўнікаў на важныя пасады. Таксама нагадаю, што праверка гатоўнасці вайсковых падраздзяленняў праводзілася праз галаву вайсковага кіраўніцтва.

Лукашэнка нікому не давярае. Гэта было прыкметна і раней. Але перыяд «позняй аўтакратыі» абвастрае гэтую праблему. Выступаючы на форуме падчас святкавання Дня народнага адзінства, Лукашэнка заявіў, што не бачыць нікога, каму можна было б даверыць уладу. Цяжкі лёс незаменнага вождзя.

Так вось, татальны недавер можна кампенсаваць татальным кантролем. Прызначэннем Мураўейкі на пасаду, якая прадугледжвае нагляд за ваеннымі, Лукашэнка стварае яшчэ адну прыступку дадатковага кантролю сілавых структур. І не хавае гэтага. Прызначаючы Уладзіміра Белага новым кіраўніком Генеральнага штаба Узброеных Сіл, Лукашэнка адзначыў, што той будзе пастаянна знаходзіцца ў полі зроку не толькі Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі, але і намесніка кіраўніка АП.

Але наяўнасць шматлікіх службаў кантролю азначае перакрыжаванне функцый розных ведамстваў, дубляванне паўнамоцтваў. Гэта не робіць дзяржаўны апарат больш эфектыўным. Кантрольныя інстытуцыі не маюць легітымных працэдур самарэгуляцыі, яны выконваюць толькі асабістыя загады ўладара. Менавіта дзеля ўмацавання яго ўлады яны, уласна, і ствараюцца.

Апошнія навіны