СМІ: Пуцін тайна лятаў за мяжу разам з Кабаевай
- 30.09.2026, 12:27
Адбылася ўцечка даных Федэральнай памежнай службы РФ.
Крамлёўскі дыктатар Уладзімір Пуцін і яго фактычная жонка Аліна Кабаева як мінімум адзін раз разам знаходзіліся па-за межамі РФ — у Казахстане ў лютым 2017 года.
Як піша «Праект», уцечкі Федэральнай памежнай службы дазваляюць меркаваць, што паездка магла быць звязаная з нефармальнымі сустрэчамі прэзідэнта з тагачасным кіраўніком Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.
Паводле звестак выдання, 23 лютага 2017 года Кабаева прыляцела ў Алматы на прыватным бізнэс-джэце Embraer Legacy 650. Яна падарожнічала без сяброў і сваякоў і праз чатыры дні вярнулася ў Расію тым самым самалётам.
Пуцін афіцыйна прыбыў у Казахстан 27 лютага на прэзідэнцкім борце, аднак расійскія дзяржаўныя СМІ пазней паведамлялі, што кіраўнік дзяржавы прыехаў на некалькі дзён раней і праводзіў нефармальныя сустрэчы з Назарбаевым на гарналыжным курорце Шымбулак.
Пра паездку Кабаевай тады публічна не паведамлялася. Самалёт, якім яна скарысталася, абслугоўвала кампанія VistaJet, а кошт пералёту мог скласці каля 26 тысяч долараў. Тым жа бортам у розныя часы карысталіся сваякі расійскіх чыноўнікаў і прадстаўнікі Крамля.
Пуцін і Кабаева таксама маглі адначасова знаходзіцца ў Узбекістане ў чэрвені 2016 года. Пуцін прыбыў туды 23 чэрвеня на саміт ШАС, а Кабаева вярнулася ў Маскву 30 чэрвеня рэйсавым самалётам «Аэрафлота».
Пры гэтым звестак пра яе выезд з Расіі не знойдзена. «Праект» мяркуе, што яна магла скарыстацца ўрадавым самалётам.