«Былі моманты, калі мы былі ўпэўненыя, што гэта канец»
- 30.09.2026, 15:19
Што кажуць пасажыры самалёта Flydubai, які падаў сігнал бедства з-за бойкі пілотаў.
Раніцай 30 верасня стала вядома, што самалёт кампаніі Flydubai, што ляцеў з Дубая ў Тэль-Авіў, падаў сігнал бедства у раёне мяжы Саудаўскай Аравіі і Іарданіі, у тым ліку сігнал пра захоп паветранага судна. Пазней ён прызямліўся ў саудаўскім горадзе Табук. Як стала вядома, на борце адбылася бойка паміж пілотамі — верагоднай прычынай магло быць жаданне аднаго з іх разбіць самалёт. Пасажыры распавялі пра тое, што адбывалася ў салоне, піша Ynet.
«Мы пачулі крыкі ў самалёце. Затым адкрылі кабіну, мы ўбачылі шмат крыві, і нехта ўдарыў пілота кішэнным нажом. Нам здавалася, што мы цяпер разб’ёмся, я закрычала: «Слухай, Ізраіль!» Тут былі лекар і медсястра, якія аказалі пілоту першую дапамогу. Ізраільцяне разам з экіпажам, што быў там, абясшкодзілі нападніка, і мы здзейснілі аварыйную пасадку. Былі таксама моманты, калі мы думалі, што жывымі адсюль не выберамся», — распавяла i24NEWS пасажырка Мірыям.
«Былі моманты, калі мы былі ўпэўненыя, што гэта канец, — распавёў тэлеканалу N12 іншы пасажыр. — Мы пачулі крыкі і лямант, а затым убачылі, што кабіну пілотаў узломваюць, і там была кроў. Мы зразумелі, што чалавек, які знаходзіўся на борце, ударыў пілота нажом».
Паводле слоў пасажыркі Ноа, «умяшаліся толькі ізраільцяне», менавіта яны — людзі ў акрываўленых кашулях на фота.
«На працягу ўсяго інцыдэнту мы маліліся і казалі: «Слухай, Ізраіль». Самалёт здзейсніў аварыйную пасадку, і толькі пасля прызямлення мы сапраўды зразумелі, праз што нам давялося прайсці», — распавяла іншая пасажырка.
У Ізраілі гэта падзея разглядаецца як тэрарыстычны акт ва ўсіх сэнсах гэтага слова, адзначае тэлеканал.
Са спасылкай на высокапастаўленых прадстаўнікоў ізраільскіх сілавых структур паведамляецца, што, паводле папярэдніх даных, пілот з Амана спрабаваў разбіць самалёт. А другі пілот з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў узяў кіраванне на сябе з дапамогай экіпажа і некалькіх ізраільскіх пасажыраў.
Раней меркавалася, што пілоты маглі быць з Расіі і Украіны.