BE RU EN

«Назло ідэолагам»: у беларускіх школах з’явіўся нечаканы пратэст

  • 30.09.2026, 16:26

Бацька расказаў, чым яго здзівілі сын і яго аднакласнікі.

Чытач тэлеграм-канала «Баста!» расказаў пра тое, як змянілася стаўленне маладых беларусаў да вывучэння мінулага нашай краіны:

«Я скончыў школу ў 2006-м і, шчыра кажучы, асабліва цёплых успамінаў пра яе не засталося. Вучыўся, здаваў экзамены, але без асаблівых поспехаў, як усе. Да тых прадметаў, якія мяне не цікавілі, ставіўся як да «абавязалоўкі».

Сёння ў дзяцей стаўленне да школы стала яшчэ горшым, бо да ўсіх мінусаў, што былі раней, дадаліся яшчэ неадэкватная ідэалогія, афіцыёз, прапаганда і проста адкрытая хлусня. Цяпер яшчэ і абшукі дадаліся. Дзеці гэта адчуваюць лепш за дарослых. І цяга да неасэнсаванага пратэсту ў іх таксама мацнейшая, чым у нас.

Ужо не першы раз сын распытвае пра розныя гістарычныя падзеі – і тыя, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі даўно ў мінулым, і адносна нядаўнія. Спытаў, чым выкліканы такі інтарэс – кажа, што «цікава, што ад нас хаваюць». Расказаў, што многія аднакласнікі таксама пачалі самі шукаць «забаронены плод», чытаць кнігі па гісторыі, вучыць мову – проста назло ідэолагам. Ды і ў многіх бацькоў таксама ёсць пра што расказаць – амаль усе так ці інакш адзначыліся ў 2020-м.

Часы мяняюцца, а цяга да справядлівасці ў маладога пакалення застаецца. У маіх бацькоў — самвыдат і галасы з-за мяжы, у мяне — музыка і стыкеры «Зубра», у майго сына — мова і гісторыя. Нас прымушалі іх вучыць «з-пад палкі», а сёння для школьнікаў гэта форма пратэсту».

Апошнія навіны