Апальны бізнесмен Юрый Чыж зноў судзіўся са сваім сынам
- 30.09.2026, 18:50
Яны не сышліся ў меркаваннях адносна кандыдатуры новага антыкрызіснага кіравальніка прадпрыемства.
Эканамічны суд Мінскай вобласці разгледзеў спрэчку паміж прадпрымальнікам Юрыем Чыжом і яго сынам Сяргеем у межах справы аб банкруцтве кампаніі «Данпрод». Яны не сышліся ў меркаваннях адносна кандыдатуры новага антыкрызіснага кіравальніка прадпрыемства, паведамляе Office Life.
Прычынай разгляду стала адхіленне папярэдняга ліквідатара — ТАА «Волна бизнеса». Крэдыторы «Данпрода» і Сяргей Чыж выступілі за яго замену пасля таго, як кіравальнік двойчы не змог прадставіць план ліквідацыі, які задаволіў бы ўсіх удзельнікаў працэдуры.
Пры выбары новага кіравальніка пазіцыі бацькі і сына разышліся. Асноўны крэдытор «Данпрода» — кампанія «Трайпл», на якую прыпадае 59,5% патрабаванняў у рэестры. Яе генеральным дырэктарам і ўладальнікам 66,5% долі з'яўляецца Юрый Чыж. «Трайпл» прапанаваў прызначыць кіравальнікам «АльфаКризисМенеджмент» або індывідуальную прадпрымальніцу Наталлю Леванькову.
Сяргей Чыж, які ў свой час быў удзельнікам «Данпрода», запярэчыў. Ён указаў на прамую афіліяванасць прапанаваных бацькам кандыдатаў: «АльфаКризисМенеджмент» раней вёў справу аб банкруцтве «Трайпла», а Леванькова была кіравальнікам у справе аб банкруцтве СООО «Гастинны маентак» (рэстаран у комплексе «Лагойск»), а таксама юрыдычная кампанія «Левагус», дзе намесніцай дырэктара з'яўляецца Леванькова, была кіравальнікам у справе аб банкруцтве «Березовский КСИ». Паводле меркавання Сяргея Чыжа, лаяльныя да бацькі кіравальнікі не змаглі б гарантаваць беспрадузятасць і незалежнасць працэдуры.
У якасці альтэрнатывы ён прапанаваў кампаніі «Асессор» і «Хэппі Энд». Прадстаўнікі Юрыя Чыжа паспрабавалі заблакіраваць гэты варыянт, аднак суд спыніўся на кандыдатуры кампаніі «Асессор», паколькі ў яе невялікая нагрузка і ёсць таксама адабрэнне падатковай інспекцыі па Валожынскім раёне.
«Данпрод» — прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны ў Валожынскім раёне, створанае кампаніямі Юрыя Чыжа сумесна з дацкімі інвестарамі. У маі 2015 года прадпрыемства выйшла на праектную магутнасць і на той момант стала найбуйнейшым у Беларусі свінагадоўчым комплексам. У маі 2026 года «Данпрод» прызналі банкрутам. Яго запазычанасць складала амаль 117 мільёнаў рублёў і істотна перавышала кошт актываў.
Спрэчка вакол банкруцтва «Данпрода» з'яўляецца адным з эпізодаў працяглага падзелу актываў бізнес-імперыі Юрыя Чыжа. У апошнія гады карпаратыўны канфлікт паміж членамі сям'і неаднаразова пераходзіў у судовую плоскасць.