Стала вядома, калі адбудзецца першае баявое выпрабаванне антыбалістычнай сістэмы Freyja
- 30.09.2026, 21:18
Распрацоўка вядзецца паскоранымі тэмпамі.
Распрацоўка антыбалістычнай сістэмы Freyja ў межах міжнароднай кааліцыі вядзецца паскоранымі тэмпамі; першае баявое выпрабаванне запланавана на сярэдзіну 2027 года.
Пра гэта заявіла генеральная дырэктарка абароннай кампаніі Fire Point Ірына Терех падчас саміту па пытаннях абароны і космасу ў Бруселі, паведаміў «Укрынформ» у сераду, 30 верасня.
«Мы спрабуем стварыць супрацьбалістычны шчыт, які працуе крыху інакш, чым сістэма Patriot. Patriot — выдатная, тэхналагічна дасканалая сістэма, адна з найлепшых у свеце, але яе ніколі не стваралі для супрацьдзеяння такой колькасці пагроз, з якімі мы сутыкнуліся цяпер», — патлумачыла генеральная дырэктарка Fire Point.
Паводле слоў Ірыны Терех, новая сістэма павінна грунтавацца на прынцыпах даступнасці, маштабуемасці і максімальнай незалежнасці ад старонніх пастаўшчыкоў (у прыватнасці, кітайскіх).
«Калі мы сапраўды хочам быць суверэннымі ў пытанні ўласнай СПА, мы павінны стварыць яе самі», — падкрэсліла Ірына Терех.
Яна адзначыла, што распрацоўка вядзецца па паскораным графіку, а выпрабаванні сістэмы праходзяць з выкарыстаннем даных пра рэальныя баявыя дзеянні ва Украіне. У той жа час генеральная дырэктарка Fire Point удакладніла, што Freyja не зможа адразу замяніць сістэму Patriot.
«Нягледзячы на велізарны прагрэс па Freyja і тое, што мы разлічваем ажыццявіць першы перахоп балістычнай мэты да сярэдзіны наступнага года […], мы не зможам неадкладна замяніць Patriot. Гэта па-ранейшаму праграма, якой патрэбны час для развіцця», — сказала Ірына Терех.
Паводле яе слоў, для выпрабаванняў новай сістэмы выкарыстоўваецца інфармацыя пра ўсе сродкі, якімі дзяржава-агрэсар РФ атакуе Украіну, — ад расійскіх Іскандэраў да ракет, якія пастаўляе Расіі КНДР.
«Мы бярэм усе даныя пра атакі на нас — ад Іскандэраў да паўночнакарэйскіх ракет — і інтэгруем іх у алгарытмы Freyja», — сказала Ірына Терех.
10 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з канадскім прэм'ер-міністрам Маркам Карні паведаміў, што Канада выказала гатоўнасць далучыцца да еўрапейскай антыбалістычнай праграмы Freyja і дапамагчы ўласнымі тэхналогіямі.