Сікорскі заклікаў выслаць з Еўрасаюза 40% расійскіх дыпламатаў
- 4.09.2026, 8:28
Францыя гатовая падтрымаць ініцыятыву кіраўніка МЗС Польшчы.
Прыблізна 40% расійскіх дыпламатаў у Еўрасаюзе з'яўляюцца супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў, таму іх трэба выслаць. З такім заклікам выступіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, піша Politico.
Сікорскі адзначыў, што Масква ўжо даўно вядзе гібрыдную вайну супраць Еўропы, і нядаўнія падзеі ў аэрапорце нямецкага горада Лейпцыга гэта чарговы раз пацвердзілі.
Ён упэўнены, што Расія спрабуе разбурыць Еўрасаюз знутры і з гэтай мэтай распачала гібрыдную вайну. Польскі міністр лічыць, што каля 40% расійскіх дыпламатаў з 2 тысяч, якія цяпер працуюць у Еўропе, з'яўляюцца супрацоўнікамі спецслужбаў РФ. Яны працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём і свабодна перасоўваюцца.
У сувязі з гэтым Сікорскі заклікаў выслаць усіх расійскіх дыпламатаў, западазраных у разведвальнай дзейнасці.
Акрамя таго, кіраўнік МЗС Польшчы лічыць неабходным увесці абмежаванне свабоды перамяшчэння расійскіх дыпламатаў, абмежаваць выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам РФ, увесці абавязковыя біяметрычныя пропускі для расіян, якія ўязджаюць у ЕС.
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро заявіў, што Парыж гатовы падтрымаць ініцыятыву Сікорскага, «калі таго запатрабуюць абставіны». Ён таксама выказаў занепакоенасць узмацненнем гібрыдных атак расійскіх спецслужбаў у Еўропе.