Лявон Вольскі: Беларуская школа ўсё больш ператвараецца ў армію
- 4.09.2026, 10:53
Музыка патлумачыў, як дзяцей прывучаюць да казарменных парадкаў.
Беларускія школы ўсё больш ператвараюцца ў установы з жорсткай дысцыплінай, адзінымі патрабаваннямі да знешняга выгляду і элементамі вайсковага парадку. Музыка Лявон Вольскі у калонцы для Budzma.org тлумачыць, як сістэма адукацыі паступова прыйшла да такой мадэлі.
У школу — як у армію
Адна беларуская школа апублікавала на сваім сайце спіс патрабаванняў да знешняга выгляду вучняў.
У хлопчыкаў валасы не павінны закрываць вушы і вочы. Фарбаванне цалкам забаронена. Нельга карыстацца гелем і лакам, якія ствараюць «занадта прыкметны выгляд». Пра выбрыванне ўзораў на галаве і гаворкі няма. Недапушчальна!
У дзяўчынак доўгія валасы абавязкова павінны быць сабраныя ў хвост або касу. Нельга насіць надта доўгія завушніцы і іншыя буйныя ўпрыгажэнні, якія кідаюцца ў вочы. Забараняюцца таксама макіяж і манікюр з яркім пакрыццём.
Карацей, падрыхтуйся і сустрэні Дзень ведаў у прыстойным, належным выглядзе.
«Па просьбах працоўных» паменшылі колькасць гадзін беларускай мовы
Усё разгортвалася паступова. Спачатку паменшылі колькасць гадзін беларускай мовы, натуральна, «па просьбах працоўных»: маўляў, мовы падобныя, дзеці блытаюцца і ў выніку ніводнай мовы нармальна не ведаюць.
Трэба прызнаць, што частка бацькоў з энтузіязмам падхапіла гэтае абсурднае сцвярджэнне: маўляў, сапраўды, так дзецям будзе лягчэй.
Беларуская мова аказалася на ўзроўні нечага неабавязковага — было відаць, што дзяржава рэзка разварочваецца ў бок Расіі, усё вяртаецца на расійскія рэйкі, дык навошта абцяжарваць сябе непатрэбнымі ведамі?
Камсамол беларускага разліву
Потым, пасля доўгіх і пакутлівых родаў, з’явіўся на свет спадкаемца камсамола беларускага разліву — БРСМ. Была пастаўлена мэта — загнаць у дзяржаўную моладзевую арганізацыю ўсіх навучэнцаў, як калісьці было з камсамолам.
Членам абяцалі льготы, напрыклад бясплатны ўваход на дыскатэку, казалі, што будзе лягчэй з атрыманнем вышэйшай адукацыі — у сябраў БРСМ нібыта будзе прыярытэт пры паступленні. Нічога падобнага, вядома, не было.
Бацькам казалі: «Вы ж не хочаце, каб ваша дачка ці сын былі белай варонай? Вунь у класе амаль усе ў БРСМ, толькі парачка дзяцей змагароў — не. Дык што, хочаце ўпадабніцца гэтым апазіцыянерам, БНФаўцам?!»
Бацькі апускалі вочы і бурчалі: «Ну, калі ўжо ўсе там, хай і мой уступае».
У выніку абяцанні не збыліся, а сяброўства зводзілася да штомесячных пабораў і магчымасці кар’ернага росту для асабліва актыўных сябраў арганізацыі.
Школьная форма і размеркаванне
З’явіліся школьная форма і патрабаванні да знешняга выгляду ў каледжах і ліцэях. Спачатку найбольш дэмакратычна настроеныя бацькі былі супраць, але з часам змірыліся: «Мы ж насілі форму, і нічога страшнага з намі не адбылося».
Потым незаўважна падкралося размеркаванне. Зноў гучалі абураныя галасы: «Мы што, вяртаемся ў Савецкі Саюз?! Няхай студэнт сам выбірае, куды яму ісці працаваць!»
Але час ішоў, галасы сціхалі, і цяпер ніхто ўжо і ўявіць не можа вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю без гэтага прыгоннага размеркавання...
Дрэс-код, як у арміі
Пасля нашумелай публікацыі пра знешні выгляд вучняў у сацыяльных сетках падняўся шум — казалі пра Паўночную Карэю, пра армію і турму, абураліся...
У рэшце рэшт публікацыю з сайта прыбралі. Але гэта не азначае, што патрабаванні да знешняга выгляду змяніліся. І не толькі ў асобна ўзятай баранавіцкай школе, якая апублікавала гэтую інфармацыю, — у любой навучальнай установе.
Адрасці доўгія валасы, калі ты хлопчык, пафарбуй іх, пракалі вуха — і ты выклічаш хвалю хейту з боку настаўнікаў. Тое самае пачнецца, калі дзяўчынка зробіць афарбоўку валасоў, кідкі макіяж, пірсінг...
Хлопцу будуць прыпісваць нетрадыцыйную арыентацыю, дзяўчыне — «лёгкія паводзіны». Могуць выклікаць бацькоў і, у горшым выпадку, калі бацькі стануць на бок дзіцяці, звярнуцца да бязлітасных сацыяльных службаў...
І чаму тут дзівіцца? У краіне — культ арміі і сілавых структур. А ў гэтых прафесіях ёсць пэўны дрэс-код. Усе ведаюць, які.
А ты, як патэнцыйны абаронца Айчыны, павінен яму адпавядаць. І ты, як будучая маці-гераіня, якая павінна нарадзіць патэнцыйных абаронцаў Айчыны, — таксама.
Пытанні ёсць? Няма. Тады вольна, разысціся, усім падрыхтавацца да ўрачыстай лінейкі!