BE RU EN

У Беларусі пашырылі спіс прафесій для ваеннага ўліку жанчын

  • 4.09.2026, 12:32

Пад ваенны ўлік трапляе ўсё больш спецыяльнасцяў.

У Беларусі абнавілі пералік спецыяльнасцяў, па якіх жанчыны падлягаюць першапачатковай пастаноўцы на ваенны ўлік. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У Міністэрстве абароны патлумачылі, каго закрануць змены і што рабіць тым, чыя спецыяльнасць з'явілася ў спісе толькі ў 2026 годзе.

Як патлумачыла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Беларусі, падпалкоўніца Наталля Гаўрусік, сам пералік існуе ўжо шмат гадоў. «Абнавіўся ён толькі таму, што ў медыцыне з'явіліся новыя спецыяльнасці, а некаторыя пачалі называцца інакш», — расказала яна.

Як і раней, дзяржава адносіць да ваеннаабавязаных жанчын, якія дасягнулі 19 гадоў і атрымалі спецыяльнасць, што ўваходзіць у пералік.

Пры гэтым Мінабароны асобна растлумачыла сітуацыю для тых, чыя спецыяльнасць трапіла ў спіс толькі пасля цяперашняга абнаўлення. «Калі на момант 1 студзеня 2026 года вы ўжо дыпламаваны спецыяліст і вам 20 і больш гадоў, на ўлік становіцца не трэба», — падкрэсліла Гаўрусік.

Астатнім дзяўчатам, якія атрымаюць спецыяльнасць з абноўленага пераліку, неабходна звярнуцца ў ваенны камісарыят па месцы жыхарства. З сабой трэба ўзяць пашпарт, копію дыплома і фатаграфію, а на месцы напісаць заяву.

У пералік увайшлі спецыяльнасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі «Ветэрынарная медыцына», «Лячэбная справа», «Сестрынская справа», «Медыка-дыягнастычная справа» і «Фармацыя».

Для агульнай вышэйшай адукацыі пазначана «Сестрынская справа». Сярод спецыяльнасцяў спецыяльнай вышэйшай адукацыі — «Лячэбная справа», «Медыка-прафілактычная справа», «Медыка-дыягнастычная справа» і «Фармацыя».

Таксама ў пераліку ёсць спецыяльнасці перападрыхтоўкі на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі: «Амбулаторна-паліклінічная дапамога», «Анестэзіялогія», «Рэнтгеналогія», «Хірургія» і «Медыцынскае забеспячэнне вайсковай дзейнасці».

Абноўлены пералік вызначае спецыяльнасці, неабходныя для Узброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў, па якіх жанчыны з 19-гадовага ўзросту падлягаюць першапачатковай пастаноўцы на ваенны ўлік.

Апошнія навіны