Драпаты вызначыў першачарговую задачу на чале ЗСУ
- 4.09.2026, 22:00
Новы галоўнакамандуючы абяцае дэлегаваць паўнамоцтвы.
Украіна павінна стварыць стабільную сістэму кіравання чалавечым капіталам Узброеных сіл, ўкараняць інавацыі ў войску, надаць камандырам на месцах большую свабоду дзеянняў, але першачарговай задачай з'яўляецца стабілізацыя фронту. Пра гэта ў калонцы для выдання Kyiv Independent піша галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Міхаіл Драпаты.
Драпаты падкрэслівае, што галоўнай задачай на бягучым этапе з'яўляецца менавіта стабілізацыя фронту, аднак паралельна неабходна рыхтаваць армію да будучых выклікаў.
«Мы не можам выбіраць паміж вядзеннем вайны сёння і падрыхтоўкай да будучай вайны. Каб дасягнуць поспеху, мы павінны рабіць і тое, і другое», — піша галоўнакамандуючы.
Драпаты прапануе развіваць сістэму рэкрутынгу, падрыхтоўкі, праходжання службы, ратацый, утрымання і звальнення вайскоўцаў. Ён падкрэслівае неабходнасць зрабіць вайсковую службу больш прадказальнай, справядлівай і прафесійнай, а кадравыя рашэнні — залежнымі ад патрэб войска, кампетэнтнасці і вынікаў службы.
Трэцім важным напрамкам галоўнакамандуючы называе адзінства намаганняў усіх складнікаў Сіл абароны. Ідзе пра каардынацыю дзеянняў на сушы, у паветры, на моры, у кіберпрасторы і кагнітыўнай сферы. Пры гэтым, адзначае генерал, інтарэсы асобных відаў або структур не павінны пераважаць над агульным вынікам.
Далей Драпаты акцэнтуе ўвагу на больш хуткім ўкараненні інавацый і ўрокаў вайны. Сярод яго прыярытэтаў таксама — мадэрнізацыя сістэмы кіравання, арганізацыйнай структуры, вайсковай адукацыі, падрыхтоўкі, лагістыкі, лічбавых і беспілотных магчымасцяў, а таксама сістэмы аналізу баявога досведу.
«Стварэнне мацнейшых Узброеных сіл — гэта жыццёва неабходная патрэба, а не задача на пасляваенны перыяд», — падкрэслівае ён.
Яшчэ адным прынцыпам павінна стаць пашырэнне паўнамоцтваў камандзіраў на ніжніх узроўнях. Драпаты выступае за ўкараненне прынцыпаў Mission Command, дэлегаванне адказнасці і прыняцце рашэнняў там, дзе камандзір найлепш разумее сітуацыю. У той жа час ад камандзіраў ён чакае гатоўнасці браць на сябе адказнасць, дзейнічаць рашуча і ўзважана рызыкаваць.
«Я не буду камандаваць кожнай асобнай бітвай або аперацыяй. Я буду ажыццяўляць кіраўніцтва праз намер, дэлегаваць паўнамоцтвы там, дзе гэта дарэчы, патрабаваць падсправаздачнасці на кожным узроўні і чакаць, што кожны камандзір праявіць ініцыятыву», — піша генерал.
Асобна Драпаты кажа пра рэфармаванне штабной працы. На яго думку, штабы павінны скарачаць бюракратыю, паскараваць прыняцце рашэнняў і быць карыснымі перш за ўсё для камандзіраў на перадавой. У той жа час ён патрабуе сумленнага аналізу памылак, падкрэсліваючы, што ўтойванне праўды недапушчальнае.
«Перамовы рана ці позна да нечага прывядуць. Нельга ваяваць усё жыццё», — рэзюмаваў Драпаты.