Гары Каспараў распавёў, як можа распасціся Расія
- 4.09.2026, 22:55
Частка тэрыторый можа адысці да Кітая.
Расійскі апазіцыянер і чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў лічыць, што пасля падзення рэжыму Уладзіміра Пуціна Расію можа чакаць не хуткі пераход да дэмакратыі, а перыяд хаосу і барацьбы паміж рознымі цэнтрамі ўплыву. Акрамя таго, галоўным знешнім бенефіцыярам магчымога распаду краіны ён называе Кітай.
Гары Каспараў у інтэрв'ю YouTube-каналу «Форум свабоднай Расіі» адзначыў, што ў умовах дзесяцігоддзяў карупцыі і аўтарытарнага кіравання стварыць дэмакратычныя інстытуцыі за кароткі час практычна немагчыма. На яго думку, сыход Пуціна можа, наадварот, узмацніць цэнтрабежныя тэндэнцыі ўнутры Расійскай Федэрацыі. «Вядома, ніякага прамога пераходу да дэмакратыі ў Расіі быць не можа. Хутчэй за ўсё, там магчымы стан хаосу. Я думаю, што крах рэжыму, па ўсёй верагоднасці, выкліча цэнтрабежныя сілы», — зазначае Каспараў.
Асобна Каспараў звярнуў увагу на ролю Кітая. Паводле яго слоў, Пекін ужо мае значны эканамічны і палітычны ўплыў у Сібіры і на Далёкім Усходзе. Каспараў таксама паставіў пытанне, ці змогуць расійскія сілы, што імкнуцца захаваць дзяржаву, не дапусціць яе маштабнага распаду. «Ці ўдасца стварыць нейкую канструкцыю, якая зможа прадухіліць татальны распад краіны? Кожны з нас зробіць, што зможа, але зусім не факт, што гэта атрымаецца. Мне здаецца, мы ўжо дайшлі да той кропкі, калі верагоднасць таго, што Кітай стане тэрытарыяльным бенефіцыярам распаду Расіі, значна вышэйшая».