Не толькі Уіткоф і Кушнер: хто яшчэ сустрэўся з Пуціным у Маскве
- 6.09.2026, 8:07
Не выключана, што тэмай размовы маглі стаць санкцыі ЗША супраць Расіі.
У суботу 5 верасня у Маскве адбылася сустрэча спецыяльных прадстаўнікоў Трампа Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным. На ёй абмеркавалі далейшыя крокі дзеля дасягнення міру ва Украіне.
Пра гэта паведамляе журналіст Axios Барак Равід у сацсетцы X і журналіст Reuters Стыў Холанд.
«Уіткоф і Кушнер сустрэліся з прэзідэнтам Пуціным, каб прасунуць праграму прэзідэнта Трампа па ўсталяванні міру ў расійска-ўкраінскай вайне... Абодва бакі абмеркавалі змястоўныя планы далейшых крокаў, якія будуць абвешчаныя ў найбліжэйшыя тыдні, і спадзяюцца на гэтак жа выніковыя сустрэчы заўтра (маецца на ўвазе 6 верасня — рэд.) ва Украіне», — напісаў Равід, і гэтую ж інфармацыю пацвердзіў Холанд.
Абодва журналісты спаслаліся на не названага прадстаўніка Белага дома. Тая ж крыніца ўдакладніла, што ў склад дэлегацыі ЗША ўваходзілі таксама прадстаўнікі Савета нацыянальнай бяспекі, Дзярждэпартамента і Міністэрства фінансаў, каб абмеркаваць прапановы па заканчэнні вайны.
Пры гэтым прадстаўнік Мінфіна не ўдзельнічаў у перамовах з Пуціным, а размаўляў з пасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым. Не выключана, што тэмай размовы сталі санкцыі ЗША супраць Расіі.
«Джын Лэнг, які выконвае абавязкі кіраўніка Міністэрства фінансаў па санкцыях, далучыўся да Уіткофа і Кушнера ў гэтай паездцы. Лэнг удзельнічаў у падрыхтоўчай сустрэчы з пасланнікам Пуціна Кірылам Дзмітрыевым, але не прысутнічаў на сустрэчы з Пуціным», — паведаміў Барак Равід.