BE RU EN

У Іране наспяваюць бунты

  • 6.09.2026, 22:25

Эканамічная сітуацыя ў краіне моцна пагоршылася.

Іран адчувае ўсё большы ціск з-за марской блакады, ваенных дзеянняў і санкцый з боку ЗША, а кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі занепакоена пагрозай узнікнення новых антыўрадавых выступаў, піша Reuters са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Паводле трох высокапастаўленых іранскіх чыноўнікаў, імёны якіх не называюцца, уладам Ірана становіцца ўсё цяжэй супрацьстаяць мерам Вашынгтона па «беспрэцэдэнтным» ціску на Тэгеран, пра якія ў жніўні абвяшчаў кіраўнік амерыканскага Мінфіна Скот Бэсэнт.

Дзеянні ЗША рэзка скарацілі магчымасці краіны па доступе да замежнай валюты, імпарту і выкарыстанні глабальных фінансавых сетак, якія дапамагалі трымаць эканоміку на плыву. Лідары Ірана баяцца, што з-за рэзкага росту цэн, аслаблення гандлю і ціску на даходы грамадзянаў ізноў могуць успыхнуць агульнанацыянальныя беспарадкі, якія раней неаднаразова траслі ўладу аяталаў і на пачатку гэтага года паставілі рэжым на мяжу падзення. Паводле крыніц, асаблівую заклапочанасць у іранскага кіраўніцтва выклікае дэфіцыт асноўных імпартных тавараў, уключаючы паліва і пшаніцу. «Баланс сіл крыху змясціўся не на карысць Ірана», — заявіў іранскі аналітык Араш Азізі.

Паводле яго, уплыў Ірана на Армузскі праліў слабее, а марская блакада ЗША «сапраўды моцна б'е па Іране». Паводле слоў Бурджу Озчэлік, старэйшай навуковай супрацоўніцы Каралеўскага аб'яднанага інстытута абарончых даследаванняў (RUSI), здольнасць Ірана супрацьстаяць знешняму ціску можа залежаць ад ступені доўгатэрплівасці грамадства ў той жа меры, што і ад магчымасці Тэгерана спраўляцца з эканамічнымі цяжкасцямі.

«Безумоўна, эканамічны спад павышае рызыку масавых беспарадкаў, аднак на дадзены момант насельніцтва, падаецца, знаходзіцца ў палоне мыслення ваеннага часу», — адзначыла Озчэлік. Пакуль атакі ЗША, а таксама ахвяры сярод мірнага насельніцтва і антыамерыканская ідэалагічная павестка «падпітваюць пэўны ўзровень патрыятычнай падтрымкі ў духу „Іран перш за ўсё“, лаяльнасці або проста цярпення да дзеючага рэжыму», лічыць экспертка.

Амерыканскія і рэгіянальныя чыноўнікі адзначаюць, што Іран, паспрабаваўшы перакрыць Армуз, не здолеў дасягнуць глабальнага эканамічнага шоку і прымусіць Вашынгтон пайсці на кампраміс, піша Reuters. Энергетычныя рынкі адаптаваліся, і альтэрнатыўныя шляхі паставак працягваюць працаваць. Аднак прадстаўнікі дзяржаў, задзейнічаных у канфлікце, разышліся ў меркаваннях наконт таго, ці ўдасца ЗША мерамі эканамічнага «ўдушэння» прымусіць Іран пайсці на ўступкі або справакаваць беспарадкі ўнутры краіны, паглыбіўшы раскол унутры кіраўніцтва і аслабіўшы яго ўладу.

Апошнія навіны