BE RU EN

BBC: Масква не хацела, каб Уіткоф і Кушнер убачылі гэта ў Кіеве

  • 7.09.2026, 8:54

У Крамлі спалохаліся, што пасланнікі Трампа даведаюцца праўду пра гісторыю.

Для спецпасланнікаў прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера у Кіеве правялі кароткую экскурсію па Сафійскім саборы. У той жа час расійскі бок быў супраць падобных мерапрыемстваў для спецпрадстаўнікоў Дональда Трампа.

Пра гэта піша ВВС Украіна са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

У матэрыяле адзначаецца, што для Уіткофа і Кушнера падрыхтавалі невялікую экскурсію па саборы, хоць «расіяне былі супраць таго, каб у Кіеве для амерыканскіх спецпасланнікаў праводзілі падобныя гістарычныя экскурсы».

Аднак, судзячы па відэа, распаўсюджаным Афісам прэзідэнта, спецпрадстаўнікам прэзідэнта ЗША такі фармат спадабаўся, адзначае выданне.

Адзін з дасведчаных суразмоўцаў ВВС Украіна таксама звярнуў увагу на падабенства «па тыпу» Кушнера і Зяленскага.

«Па сваім тыпу Кушнер і Зяленскі падобныя. У Кушнера пастаянна куча нейкіх папер, картаў, планаў, ён прагматычны. А Уіткоф больш падобны да Давіда Арахаміі, бо ў яго падыход у духу: „Давайце сядзем у рэстаране, павячэраем і пагаворым“», — цытуе выданне сваю крыніцу.

Наступныя некалькі гадзін украінская і амерыканская дэлегацыі правялі за сталом перамоваў. Размовы праходзілі ў некалькі этапаў.

5 верасня Уіткоф і Кушнер наведалі Маскву і правялі перамовы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.

6 верасня спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўпершыню прыбылі ва Украіну для ўдзелу ў перамовах аб заканчэнні вайны.

Падчас візіту ў Кіеў Джарэд Кушнер заявіў, што прэзідэнт Трамп імкнецца дасягнуць не толькі заканчэння вайны РФ супраць Украіны, але і доўгатэрміновага міру.

Паводле звестак Kyiv Independent, Трамп можа правесці тэлефонную размову з Пуціным пасля таго, як яго праінфармуюць пра вынікі перамоваў спецпасланнікаў у Маскве і Кіеве.

Апошнія навіны