Анджаліна Джолі нечакана прыехала ў Харкаў
- 8.09.2026, 9:10
Актрыса разам з сынам пабывала ў баксёрскім клубе.
Вядомая амерыканская кінаактрыса Анджаліна Джолі, якая актыўна падтрымлівае Украіну ў яе змаганні з расійскімі акупантамі, прыбыла ў Харкаў і наведала там баксёрскі клуб Spadkoyemets.
Пра гэта ў сваім акаўнце ў Facebook паведаміла Федэрацыя боксу Украіны.
Паводле даных ФБУ, разам з Джолі ў харкаўскі баксёрскі клуб Spadkoyemets прыйшоў яе сын Нокс. Ён разам з байцамі Сіл абароны Украіны правёў трэніроўку па тайскім боксе. У клубе Spadkoyemets удакладнілі, што Анджаліна Джолі да іх прыйшла «абсалютна выпадкова».
Баксёры клуба падзякавалі амерыканскай кінаактрысе за яе чалавечнасць і за тое, што яна цікавіцца гісторыяй іх залы. Анджаліна Джолі ўжо некалькі разоў падчас вайны была ва Украіне з гуманітарнымі місіямі.
Напрыклад, у лістападзе 2025 года галівудская зорка ў межах дабрачыннай праграмы дапамогі пацярпелым ад расійскай агрэсіі пабывала ў Херсоне. Там яна наведала мясцовыя медыцынскія ўстановы, пагутарыла з лекарамі і пацыентамі, правяла час з дзецьмі, а таксама выказала падтрымку жыхарам рэгіёна, які рэгулярна церпіць ад абстрэлаў з боку акупацыйнай арміі РФ.