BE RU EN

У Мінск зноў прыляцеў скандальны Boeing

  • 8.09.2026, 13:32

Ён належыць Ірану.

У Мінску зафіксавалі прыбыццё іранскага транспартнага Boeing 747-281F з бартавым нумарам EP-FAB, які належыць авіякампаніі Fars Air Qeshm. Паводле даных flightradar24, Boeing сёння прызямліўся ў сталіцы Беларусі.

Звярнём увагу, раней борт знаходзіўся ў беларускай сталіцы з 26 жніўня і за два дні здзейсніў некалькі вылетаў.

Іранскі цяжкі грузавы самалёт прыбыў у Беларусь пад кодам рэйса QFZ9962. На наступны дзень, 27 жніўня, самалёт узняўся ў паветра з аэрапорта Мінска і знаходзіўся ў палёце каля пяці гадзін. Маршрут пралягаў праз паветраную прастору Расійскай Федэрацыі, пасля чаго борт ізноў вярнуўся ў сталіцу Беларусі.

На асобных участках шляху сэрвіс AirNav Radar адлюстраваў траекторыю пункцірам. Такое абазначэнне сведчыць пра тое, што дакладныя каардынаты самалёта часова не адсочваліся.

Раніцай 28 жніўня іранскі самалёт ізноў вылецеў з Мінска, узяўшы курс на Тэгеран. А 14:43 борт паспяхова прызямліўся ў іранскай сталіцы. Такім чынам, за некалькі дзён іранскі Boeing здзейсніў кальцавы пералёт Тэгеран – Мінск – Тэгеран з прамежкавымі манеўрамі над тэрыторыяй РФ.

Самалёт Boeing 747-281F з заводскім нумарам 25171 мае сумнеўную рэпутацыю. 24 студзеня 2019 года Міністэрства фінансаў ЗША ўключыла авіякампанію Fars Air Qeshm і два яе паветраныя судны, уключаючы EP-FAB, у санкцыйныя спісы.

Паводле даных амерыканскіх уладаў, перавозчык рэгулярна прыцягваўся да транспартавання ваенных і спецыяльных грузаў у інтарэсах Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, у прыватнасці на сірыйскім напрамку.

Апошнія навіны