BE RU EN

Уіткоф і Кушнер адмовіліся ляцець у Гомель

  • 8.09.2026, 13:08

Ім прапаноўвалі дабірацца ва Украіну праз нашу краіну.

Украінскія спецслужбы былі гатовыя сустрэць пасланцаў прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера у Беларусі і забяспечыць іх паездку з Гомеля ва Украіну. Аднак амерыканская дэлегацыя абрала цягнік, расказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, паведамляе New Voice.

Паводле слоў Зяленскага, у Стыва Уіткофа і Джарэда Кушнера была магчымасць прыляцець у Беларусь і паехаць ва Украіну з Гомеля.

«Гэта прыблізна тры гадзіны язды ад Гомеля. Мы таксама шмат працавалі, і наша служба бяспекі была фармальна гатовая сустрэць Стыва і Джарэда», — сказаў Зяленскі.

Таксама Украіна магла прыняць самалёт з амерыканскімі перамоўнікамі ў адным з двух аэрапортаў Кіева.

«Украіна была гатовая прыняць амерыканскі самалёт. Самалёт з дэлегацыяй перамоўнікаў. Можна было выкарыстаць і Барыспаль, і Жуляны. Расія адназначна хацела падкрэсліць, што ва Украіне няма бяспекі, і яны нанеслі ўдар і па паласе ў Жулянах, і па паласе ў Барыспалі.

Тэхнічна нашы аэрапорты гатовыя прымаць дэлегацыі. Пытанне ў тым, ці забяспечвае Расійская Федэрацыя гэты калідор бяспекі».

У выніку амерыканцы вырашылі падарожнічаць цягніком.

«Яны абралі цягнік. Мы сказалі, што гэта будзе бяспечнае і камфортнае прыбыццё ва Украіну. Усёй амерыканскай дэлегацыі вельмі спадабаўся цягнік. Мы дамовіліся, што яны прыедуць яшчэ раз», — падсумаваў Зяленскі.

Нагадаем, напярэдадні візіту Уіткофа і Кушнера ва Украіну Расія нанесла ўдары па кіеўскіх аэрапортах. У «Жулянах», паводле папярэдніх звестак, быў пашкоджаны самалёт. Удары адбыліся на фоне падрыхтоўкі да магчымога прыляту амерыканскай дэлегацыі і прадэманстравалі, што расійскія атакі ствараюць прамую пагрозу бяспецы авіязносін з Кіевам.

Апошнія навіны