Іран сутыкнуўся з наймацнейшым за 40 гадоў эканамічным крызісам
- 8.09.2026, 14:57
Амерыканская блакада дала плён.
Праз паўгода пасля пачатку вайны з ЗША Іран апынуўся ў сітуацыі, калі ён не можа вывезці ніводнага барэля на экспарт; нафта, якая пакуль яшчэ прадаецца з раней загружаных танкераў, хутка вычарпаецца; даходы бюджэту, на трэць залежнага ад нафтадаляраў, імкліва падаюць; інфляцыя паскараецца, курс рыала б'е новыя антырэкорды, а эканоміка ўсё глыбей пагружаецца ў крызіс. Паводле прагнозу МВФ, ВУП Ірана скараціцца ў гэтым годзе на 5,4%. Гэта будзе найгоршы вынік з 1980-х гадоў, калі пасля ісламскай рэвалюцыі аяталы вялі вайну з Іракам, падчас якой абедзве краіны атакоўвалі сотні танкераў адна адной.
Пасля аднаўлення блакады ВМС ЗША ў сярэдзіне ліпеня ні адзін іранскі танкер не здолеў яе пераадолець, піша The Wall Street Journal са спасылкай на даныя сэрвісу па адсочванні суднаў Kpler. Нафта ў невялікіх аб'ёмах загружаецца на танкеры, але яны застаюцца заблакаванымі ў Персідскім заліве.
Іран працягвае прадаваць нафту з суднаў, што знаходзяцца па-за межамі блакады. Але яе аб'ём скараціўся з сярэдзіны ліпеня з 90 млн да 29 млн барэляў. Пры цяперашніх тэмпах продажаў (каля 1 млн барэляў у суткі) яна можа цалкам скончыцца ўжо праз месяц, ацэньвае Kpler. А плацяжы за пастаўленыя партыі перастануць паступаць да сярэдзіны снежня.
Не справіўшыся з Іранам на полі бою і за сталом перамоў, Вашынгтон зрабіў стаўку на эканамічную блакаду. Ці спрацуе яна, пакуль не зразумела. Чыноўнікі з краін Персідскага заліва і аналітыкі папярэджваюць, што ўзмацненне санкцый можа, наадварот, справакаваць узмацненне агрэсіі з боку Ірана, піша WSJ. У аўторак падтрымліваемыя Тэгеранам еменскія хусіты паведамілі, што нанеслі ўдары дронамі і балістычнымі ракетамі па аб'ектах саудаўскай нафтавай дзяржаўнай кампаніі Saudi Aramco, назваўшы гэта шырокамаштабнай аперацыяй.
Хамад Хусейн, эканаміст з Capital Economics, адзначае: «Цяпер многае будзе залежаць ад таго, на якія эканамічныя цяжкасці іранскі рэжым гатовы пайсці для дасягнення сваіх ваенных і геапалітычных мэтаў».
Але краіне становіцца ўсё цяжэй супрацьстаяць эканамічнаму ціску ЗША, прызналі ў размове з Reuters тры высокапастаўленыя іранскія крыніцы. Хаця Іран даўно жыве пад санкцыямі, цяпер ён апынуўся ў больш уразлівым становішчы з-за страты доступу да замежнай валюты і імпартных тавараў. ЗША пашырылі другасныя санкцыі, накіраваныя супраць краін, што вядуць бізнес з Іранам, забаранілі клірынг даляравых транзакцый, неабходных як для продажу нафты, так і для фінансавання важнага імпарту тавараў і сыравіны, перакрываюць каналы фінансавання, якімі Тэгеран даўно карыстаецца за мяжой.
У выніку звыклыя спосабы абыходу санкцый — кантрабанда, гандаль праз падстаўныя кампаніі, вываз нафты ценявым флотам — сталі занадта дарагімі, кажуць крыніцы Reuters.
Звыклы гандаль таксама згортаецца. Значная яго частка ажыццяўлялася праз ААЭ, але ён практычна спыніўся пасля таго, як у жніўні Абу-Дабі заявіў аб прыпыненні фінансавых і эканамічных аперацый з Іранам. Невялікія пастаўкі пакуль працягваюцца толькі праз падстаўныя кампаніі, адзначае WSJ.
У краіне нарастае гуманітарны крызіс, піша Euronews, бо блакада нанесла спусташальны ўдар па лагістыцы і пастаўках. «З пачатку вайны да Ірана дабіраецца, бадай, толькі адзін з дзесяці грузавых суднаў, што выходзяць з Кітая», — сказаў інфармагенцтву спецыяліст па марскіх перавозках Гісу з Тэгерана.
Тарыфы за марскую дастаўку падскочылі з $3000 амаль да $10 000 за кантэйнер, а наземная перавозка з Кітая цяпер абыходзіцца мінімум у $16 000. Гандаль у ненафтавым сектары скараціўся амаль на 40% у параўнанні з даваеннымі паказчыкамі. Гісу шкадуе: «Кантэйнеры, дастаўка якіх раней займала 35 дзён, цяпер на месяцы затрымліваюцца ў Ганконгу, Карачы або [дубайскім порце] Джэбель-Алі. Порты ААЭ больш не пускаюць іранскія судны».
У выніку гадавая інфляцыя складае 70%. Але яшчэ горш сітуацыя з ежай: харчовая інфляцыя дасягнула беспрэцэдэнтных у найноўшай гісторыі 128%.
Курс іранскай валюты, падзенне якога справакавала ў канцы 2025 — пачатку 2026 гадоў масавыя пратэсныя выступленні, жорстка падаўленыя ўладамі, у пачатку верасня апусціўся да новага мінімуму — 2,2 млн рыалаў/$. За год рыал патаннеў амаль на 130%.