У Іспаніі бясплатна аддаюць цэлую вёску
- 8.09.2026, 16:51
Але ёсць важная ўмова.
У іспанскім рэгіёне Галісія мясцовыя ўлады прапануюць перадаць у прыватную ўласнасць закінутую вёску з 12 дамоў і ўчастак плошчай 15 тысяч квадратных метраў за 0 еўра.
Аб'ява аб незвычайнай прапанове з'явілася на партале нерухомасці Aldeas Abandonadas і ўжо выклікала вялікую цікавасць. Акрамя 12 каменных дамоў, якія патрабуюць поўнай рэканструкцыі, на тэрыторыі вёскі захаваліся старажытныя масты і крыніцы, піша Antena 3.
Раней праз гэтае месца праходзіў гістарычны «Каралеўскі шлях у Кастылію» (Camino Real a Castilla), аднак у 1950-х гадах пасля будаўніцтва вадасховішча вёска прыйшла ў заняпад.
Нягледзячы на тое, што самі аб’екты перадаюцца бясплатна, пакупніку давядзецца пакрыць нязначныя адміністрацыйныя выдаткі на афармленне здзелкі, а таксама ўкласці значныя сродкі ў аднаўленне інфраструктуры і будынкаў.