Германія запускае праект City Dome для абароны ўкраінскіх гарадоў ад ракет і дронаў
- 8.09.2026, 22:37
Аб гэтым паведаміў міністр абароны ФРГ.
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус заявіў пра пачатак рэалізацыі праекта City Dome («Купал над горадам»), накіраванага на ўзмацненне абароны ўкраінскіх гарадоў ад расійскіх ракетных атак і атак з ужываннем беспілотнікаў.
Пра гэта Пісторыус заявіў 8 верасня перад пачаткам пасяджэння Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн», паведамляе «Еўрапейская праўда».
Па словах міністра, Германія далучыцца да стварэння сістэмы, якая павінна сфарміраваць своеасаблівы шчыт над украінскімі гарадамі і ўзмацніць іх абарону ад беспілотнікаў і ракет.
«Я рады, што важны праект City Dome цяпер рэалізуецца. У межах гэтага праекта Германія падтрымае стварэнне шчыта для абароны ўкраінскіх гарадоў ад атак беспілотнікаў і ракет», — сказаў Пісторыус.
Ён таксама адзначыў, што Берлін будзе і надалей падтрымліваць Украіну не толькі ў сферы супрацьпаветранай абароны, але і ў нарошчванні іншых ваенных магчымасцяў.
У прыватнасці, Германія плануе і надалей пастаўляць Украіне беспілотнікі і далёкабойныя боепрыпасы. Акрамя таго, краіна прафінансуе закупку некалькіх дзясяткаў тысяч далёкабойных артылерыйскіх снарадаў праз брытанскі кансорцыум па артылерыі і супрацьпаветранай абароне. Пасля закупкі боепрыпасы будуць перададзеныя Украіне.
Раней Барыс Пісторыус заяўляў, што Берлін перадасць Украіне ракеты-перахопнікі PAC-2 для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot з запасаў Бундэсвера.