Блогер распавёў, што беларусы любілі больш, чым дранікі
- 9.09.2026, 15:45
Да таго, як у Еўропе з’явілася бульба.
Блогер yauhenlit нагадаў у Threads пра кулінарныя перавагі нашых продкаў.
«Вы ведалі, што раней беларусы любілі больш, чым дранікі? Распавядаю, — піша ён. — Гэта “селядцы” (селядзец), яна была танная, яе маглі сабе дазволіць небагатыя пласты насельніцтва. Селядцы лавілі ў паўночных морах, у канцы XIV стагоддзя быў адкрыты метад засолкі гэтай рыбы, і яна здолела дасягнуць нашых земляў з Рыгі ў гарады Віцебск і Полацк — і далей па ўсёй краіне.
Дарэчы, “барэль” першапачаткова — гэта мера не нафты, а бочкі з сельдзём (160 літраў).
Мы не ведаем дакладнай колькасці ў XVI стагоддзі, але ў XIX на нашу тэрыторыю пастаўлялася 1,4 мільёна пудаў сельдзі, і ўсё з’ядалася».
Гістарычныя крыніцы, мытныя кнігі і рэестры гарадоў адназначна сведчаць: у XVI стагоддзі марская сельдзь стала адным з галоўных прадметаў імпарту на беларускія землі.
Імпартная сельдзь ператварылася ў базавы харчовы прадукт для ўсіх слаёў насельніцтва ВКЛ. Яе пастаўлялі ў велізарных колькасцях па рэках Заходняя Дзвіна і Нёман з балтыйскіх партоў.
Сельдзь была таннай народнай ежай. Гандлёвыя запісы канца XVI — пачатку XVII стагоддзя паказваюць, што адна штука каштавала ў сярэднім каля 2 грошаў, у той час як мясцовая буйная прэснаводная рыба каштавала ў 10 разоў даражэй.