Рыгор Барадулін: «Было прыемна чуць з вуснаў Папы Рымскага выдатную беларускую мову»
- 7.10.2007, 19:16
7 кастрычніка ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылася імша за настаўнікаў і прэзэнтацыя новых кнігаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Парафіяльную імшу ў Чырвоным касьцёле ладзіў пробашч, ксёндз-магістар Уладзіслаў Завальнюк.
“Сёньня мы таксама асабліва молімся за настаўнікаў. Падзяка ўсім, хто сапраўды ўстае гэтым фундамэнтам у выхаваньні і станаўленьні нашага народа. Сярод нас вельмі паважаны спадар Рыгор Барадулін, наш славуты паэт, якому падзяка за яго здольнасьці, любоў да бацькаўшчыны праз Бога, праз духоўнасьць. І мы яднаемся ў духу малітвы з усімі майстрамі слова, усімі паэтамі і пісьменьнікамі Беларусі. Божа, блаславі, каб мова была чыстай, у розных значэньнях чыстай. Каб дапамагалі праз слова ў станаўленьні народа”, -- сказаў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Пасьля імшы, якая завяршылася гімнам “Магутны Божа” адбылася прэзэнтацыя пяці кніг Рыгора Барадуліна. Іх прадставіла кандыдат філялягічных навук, укладальніца і рэдактарка кніг паэта Ала Сакалоўская. Гэта новыя выданьні “Ксты”, кніга “Быць”, зборнік перакладаў “Гуканьне паэзіі ўсходу” і вершы паэта ў перакладзе на японскую мову “Малітва ветру”. Апошняя надрукавана ў Японіі, іншыя выдаваліся Чырвоным касьцёлам. За кнігу “Ксты” Рыгор Барадулін паўторна вылучаны айцом Уладзіславам на Нобэлеўскую прэмію, нагадвае “Радыё Свабода”.
Пісьменьнік Валяніцн Тарас у сваім выступе сказаў:
“Барадулін – гэта мова. Барадулін – гэта слоўнік. Велізарны слоўнік. Гэта вулькан мовы, поле мовы. Гэта й дзіцячая чытанка і велізарная лекцыя. Што такое мова наогул? Гэта сьветапогляд, сьветаадчуваньне народа. І калі народу навязваецца чужая мова, то гэта ёсьць спроба сказіць сьветапогляд народа, ягонае сьветаадчуваньне. І каб гэта адчуць, зразумець трэба чытаць Барадуліна. Бо ў ягонай паэзіі і сьветапогляд і сьветаадчуваньне народа. І ўся гісторыя народа і прадчуваньне ягонай будучыні.”
На прэзэнтацыі выступілі таксама амбасадар Швэцыі і Часова павераны ў справах Японіі. Потым узяў слова Рыгор Барадулін:
“Я дужа рад і шчасьлівы быць у сьвятыні. Так лёс распарадзіўся, што я нарадзіўся у 35 годзе, у часы зьнішчэньня рэлігіі, зьнішчэньня ўсяго. І быў праездам ксёндз ва Ўшачах, які аксьціў мяне. Касьцёлам было неба. Мяне пад небам ксьціў ксёндз. Пасьля мяне лёс узнагародзіў самай высокай узнагародай, я быў прыняты Папам Рымскім Янам Паўлам Другім. І было прыемна чуць з вуснаў Папы Рымскага выдатную беларускую мову. Наша мова была і будзе жыць праз Бога, праз Біблію”, -- заявіў выбітны беларускі паэт.