BE RU EN

Мікола Статкевіч: «Мы яшчэ паставім помнікі гэтым героям!»

  • 12.12.2007, 20:17

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч удзельнічаў у акцыі “За незалежную Беларусь!” ад пачатку да канца. Ён быў сведкам, як міліцыянты збівалі і разганялі ўдзельнікаў акцыі, як здзекаваліся з маладафронтаўца Зміцера Хведарука. Мікола Статкевіч распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 як усё адбывалася.

“Людзей, якія збіраліся на плошчы, некалькі разоў выштурхоўвалі ланцугамі. Міліцыя была і вакол палацу, і на самой плошчы, а таксама паўсюль аўтазакі, аўтобусы з “мянтамі”. Выціскалі некалькі разоў, але людзі адыходзілі, вярталіся назад, ізноў падымалі сцягі. Калі пачалі ціснуць у бок парку Янкі Купалы, то паднялі сцягі і пайшлі ў бок плошчы Перамогі, па сутнасці, зрабілі дэманстрацыю.

Але раптам ля Купалаўскага парку на групу з маладых людзей напалі міліцыянты, пачалі валіць на зямлю, а па Змітру літаральна прайшліся нагамі. Я потым размаўляў з доктарам і той сказаў, што сімптомы вельмі трывожныя. Калі Зміцера паднялі, ён быў як бы не зусім у непрытомнасці і пачаў дрыжаць. Доктар сказаў, што гэта можа быць вельмі кепскі сімптом”, - сказаў М.Статкевіч.

На меркаванне палітыка, Лукашэнка пабудаваў недзеяздольную эканоміку, а зараз спрабуе адцягнуць крызіс праз выпрошванне ў Расеі таннага газу. “Усё упіраецца ў тое, што ў нас пабудаваная так бы мовіць калгасная эканоміка, якая ў рынкавых умовах не цягне. Але ж што здолеў, тое і пабудаваў. Вось і спрабуе зараз выпрасіць, вымаліць у Пуціна танны газ. Аднак для гэтага трэба паказаць, як у Беларусі не любяць нацыяналістаў, каб не спалохаць антырасейскімі настроямі”, - тлумачыць жорсткія дзеянні міліцыянтаў М.Статкевіч.

Аднак, па словах былога палівязьня, час расставіць усё па сваіх месцах і ў Беларусі з’явяцца помнікі сапраўдным героям, а не сённяшнім “часовым уладальнікам”. “Сёння ў краіне ўсё ўніз галавой павёрнута – бьюць, ледзь не забіваюць не тых, хто яе прадае, а тых, хто гатовы аддаць сваё жыццё за яе незалежнасць. Аднак мы яшчэ паставім помнікі гэтым героям! А тыя робаты, так бы мовіць, біямаса, таму так сябе і паводзяць, што не разумеюць, каб не нашая незалежнасць, яны даўно гнілі б якой-небудзь Чачэніі”, - падсумоўвае Мікола Статкевіч.

последние новости