Отец Александр Надсон: «Беларусь всегда в моем сердце» (Фото)
- 25.11.2008, 10:57
24 ноября в приходе святых Симона и Елена состоялось общественное поздравление отца Александра Надсона по поводу 50-летия его священнослужения.
Віншавалі сьвятара Адам Мальдзіс, Алег Трусаў, Аляксей Марачкін, Алена Макоўская, Алесь Пашкевіч, Марыя Міцкевіч, Ірына Дубянецкая, Анатоль Белы, Генек Лойка, Лявон Баршчэўскі, Валер Мазынскі, Аляксей Марачкін, ды іншыя навукоўцы, грамадскія і культурныя дзяячы.
Пад час урачыстасьцяў выступалі трыё «Вытокі», міжпарафіяльны хор «Прасфара», фальклёрны гурт «Рада», Алесь Лось, Кася Камоцкая, а таксама паэты Генадзь Бураўкін, Аксана Данільчык, Алесь Камоцкі, Рыгор Сітніца, Галіна Дубянецкая.
Напярэдадні, 23 лістапада, адбылася ўрачыстая літургія з нагоды 50-годзьдзя сьвятарства айца Аляксандра Надсана.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла даслала а.Надсану пісьмовае віншаванне з Канады. Свае віншаванні перадавалі і супрацоўнікі «Радыё Ватыкану», якія не змаглі прыехаць зараз у Менск.
Было зачытана віншаванне выкладчыкаў і студэнтаў беларускага калегіюма.
У памяшканні царквы ў разгарнулася выстава мастакоў суполкі «Пагоня», прысвечаная залатому юбілею сьвятарства айца Аляксандра.
Трыа «Вытокі» пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова гралі творы з «Полацкага сшытку», «Малітву» Станіслава Манюшкі і іншых выбітных беларускіх кампазытараў.
«Сымбалем беларускага адраджэння з’яўляецца сам юбіляр. Юбілей у айца Аляксандра – гэта юбілей ва ўсіх беларусаў», - сказаў Аляксей Фралоў.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў звярнуў увагу на тое, што менавіта родная мова заўжды яднала наш народ.
«Вось ужо трыста год беларуская мова лучыць беларусаў. У нас розныя канфэсыі, тэрыторыя мянялася ажно 25 разоў. А мова засталася», - зазначыў Алег Трусаў.
Ён узгадаў уклад у развіццё беларускай мовы айца Ўладыслава Чарняўскага і Адама Станкевіча, заўважыўшы, што айцец Аляксандар Надсан зрабіў для ейнага развіцця ня менш за іх.
«Такія людзі, як айцец Аляксандар, нараджаюцца раз у сто год», - заявіў старшыня ТБМ.
Наступным айца Надсана віншаваў ягоны стары сябар - доктар мастацтвазнаўства Адам Мальдзіс, які ў свой час навёў масты паміж бібліятэкай Францішка Скарыны а. Аляксандра ў Лёндане і Менскам.
«Бібліятэка а.Аляксандра ў Лёндане носіць імя Францішка Скарыны. Скарына быў хрысціянінам. Ён не дзяліў, але заўсёды нас яднаў. Беларуская справа ў Лёндане жыла і жыве. Мне здаецца, дзякуючы а.Аляксандру ў Лёндане знаходзіцца адзіны беларускі інстытут па-за межамі Беларусі».
Алена Макоўская, прадстаўнік згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», нагадала аб значным укладзе а.Аляксандра ў развіццё беларускай мовы і культуры.
«Гэтая падзея мае гістарычнае значэнне для Беларусі - бо адбываецца на Беларусі. Асоба а.Аляксандра заўжды падавалася мне легендарнай. Застаўшыся адным на ўсю місыю ў Лёндане, ён не склаў рукі, але працягваў працаваць на карысць Беларусі. Бібліятэка Францішка Скарыны ў Лёндане – сапраўднае акно Беларусі ў Еўропу. Як апостальскі візітатар, а.Аляксандар пабываў ва ўсіх беларускіх асяродках свету. Мяркую, што ўсе беларусісты прайшлі праз цэнтар Францішка Скарыны а.Аляксандра.
Калі здаралася чарнобыльская бяда, калі жалезная заслона яшчэ ня ўпала, але пачала слабець, - ён прарваўся сюды, прывез лекі, што толькі мог. А пасля ездзіў па свеце і распавядаў аб чарнобыльскай трагедыі. А.Аляксандар блізка ўспрымаў чужыя праблемы, асабліва калі гэта праблемы беларуса», - зазначыла Алена Макоўская.
Унучка вядомага беларускага паэта Якуба Коласа Марыя Міцкевіч таксама ўзгадвае, як ахвярна а.Надсан дапамагаў сваім землякам пасля выбуху на чарнобыльскай АЭС.
«Сапраўды быў прыкладам чалавека і святара. Ён не пабаяўся і паехаў у забруджаныя мясціны. І пасля з-за мяжы прыходзіла гуманітарная дапамога, і нашыя дзеці ездзілі на аздараўленне ў Ангельшчыну і Ірляндыю.
Ён сам сустракаў дзяцей у аэрапорце і не аднойчы ездзіў у шпіталь, калі трэба было паразмаўляць з лекарамі аб здароўі беларускага хлопчыка ці дзяўчынкі», - заўважыла Марыя Міцкевіч.
Фальклорны гурт «Рада» выканаў «Рэкруцкую песню» з Камянца, якая з’яўляецца традыцыйным мужчынскім спевам, і вясёлыя найгрышы.
Журналістка «Радыё Свабода» Любоў Лунёва у сваёй прамове ўзгадала аб палітзняволенных у Беларусі.
«З айцом Аляксандрам я размаўляла ў 96-ым годзе, калі знаходзілася ў Ангельшчыне на стажыроўцы. Пераважна я працавала ў бібліятэцы Францішка Скарыны а.Аляксандра. Калі мы кажам “Вялікабрытанія”, для мяне гэта – а.Надсан.
Сёння дваццаць чалавек ужо затрыманыя, яны зараз знаходзяцца ў пастарунку за праяву салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Баразенкам. Зараз Беларусь – гэта краіна, дзе дзеці здабываюць свабоду для сваіх бацькоў. Дык вось, яны прасілі мяне перадаць Вам, што ў нас ёсць «бяспройгрышны варыянт», як яны гэта называюць, - моладзевыя арганізацыі, у якіх ёсць нацыянальная ідэя і вера ў Бога».
Беларускі пат Генадзь Бураўкін падкрэсліў, што а.Надсан служыць Богу праз службу сваёй краіне і праз службу краіне – Богу.
«Ня многім у жыцці Бог дае магчымасць быць на такую падзею з родным народам на роднай зямлі. І дзякуем Богу, што маем магчымасць тут быць. У мяне душа трымціць у абодвух Вашых храмах – я маю на ўвазе Вашую бібліятэку і Ваш музей.
Хіба нездарма, што ў гэтым годзе супадаюць такія даты – 90-годдзе БНР і 50-годдзе Вашага святарства. Як служыць Беларусі праз службу Богу? Як служыць Богу праз службу Беларусі? Калі гэта ў Вас атрымалася, то гэта – святая справа», - перакананы паэт.
Старшыня Саюзу пісьменнікаў Алесь Пашкевіч ад імя сваіх паплечнікаў уручыў а.Аляксанру пасведчанне ганаровага сябра Саюзу пісьменнікаў.
«Біблейны Майсей ішоў я сваім нардам сорак год. А.Аляксандар ідзе з беларусамі ўжо паўстагоддзя. Хачу ад імя ўсіх прысутных пажадаць Вам яшчэ як мінімум паўстагоддзя такой энэргічнай дзейнасці. Але спадзяюся, што мы прыйдзем да нацыянальнай свядомасці раней.
Усё жыццё Вы служыце Слову Біблейнаму і слову беларускаму. Хочацца пажадаць Вам поспеху менавіта ў мастацкім слове. Повязь Неба і роднага слова – у гэтым заснежаным Менску, у гэтай прымарожанай краіне!
Хачу ўручыць Вам ад імя маіх палечнікаў пасведчанне ганаровага сябра Саюзу пісьменнікаў і чалецкі білет», - дадаў Алесь Пашкевіч.
Галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія» Зьміцер Санько сказаў, што а.Надсан – гэта беларускі Далай-Лама.
«Да гэтага свята мы выдалі кніжку, у якой сабраныя думкі а.Аляксандара, скамплікаваныя з розных ягоных прамоваў. Вядома, друкаваць пачалі не на паперы, а на гліне. Таму прыміце гэтыя два кубкі. На адным бягучым радком напісана шмат словаў: «айцец Алесь», «айцец Аляксандар», «айцец Аляксандар Надсан», «лідэр», «шэф»... Сярод іх і «Далай-Лама». Бо айцец Аляксандар для Беларусі – як Далай-Лама для Тыбету.
Мастачка Алена Ткачова распісала другі кубак. Над выявай лёнданскага Эвангелля там ёсць надпіс «Ты святар павекі паводле ўзору Мельхісэдэка», - распавёў Зьміцер Санько.
Намеснік старшыні Пэн-цэнтру і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко назваў а.Аляксандра бацькам беларускага духа.
«Для мяне як для рэдактара «Нашай Нівы» 23 лістапада – гэта вельмі значны дзень. 23 лістапада 1906 году ў Вільні выйшаў першы нумар «Нашай Нівы», якой сёння 102 гады.
Калі сёння кагосьці можна назваць «гарантам стабільнасці», то гэта – а.Аляксандар. Пакуль да нас у рэдакцыю ідуць ягоныя факсы, то ўсё будзе добра. А.Аляксандар – бацька беларускага духа. І хачу ад усіх супрацоўнікаў «Нашай Нівы» падараваць Вам кнігу яшчэ аднаго бацькі беларускага духа – Адама Станкевіча».
Прадстаўнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч уручыў а.Аляксандру мэдаль «За Бога і Айчыну».
«Мне выпаў гонар ад імя Сыноду Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы павіншаваць Вас з такой датай у жыцці. Мы, праваслаўныя беларусы, удзячныя а.Аляксандру, што ён адважыўся прыехаць у камуністычную краіну.
Я памятаю багаслужбы на Кальварыі, якія Вы адпраўлялі, хаця Вам было цяжка, бо Вашага святарскага служэння не разумелі і не прымалі камуністычныя ўлады. Праваслаўныя хадзілі на рыма- і грэка-каталіцкія набажэнствы – бо яны былі на роднай мове. Хадзілі і да а.Яна Матусевіча. Мы таксама адваёўвалі каталіцкія храмы – і святога Роха, і Кадэдру.
За плённую і адважную службу я хачу Вам уручыць мэдаль на бел-чырвона-белай падвязцы, мэдаль «За Бога і Айчыну». І дабраславі Вас Божа на доўгія плённыя гады!».
Напрыканцы вечарыны выступіў айцец Аляксандар Надсан. Ён пажартаваў, што «шмат чаго ня ведаў аб сабе да гэтых прамоваў».
«Дарагія мае, я вельмі ўдзячны, што магу быць з вамі. Я вельмі ўдзячны Богу, што магу сустрэць свой юбілей на бацькаўшчыне. Перадусім я святар. Хрыстос казаў: «Я прыйшоў не для таго, каб Мне служылі, але каб паслужыць для збаўлення многіх». І таму наступнікі Хрыста – апосталы, а затым біскупы і святары, вінныя жыць тым сама духам. Бог стаўся чалавекам, каб мы сталіся Божымі дзецьмі. І святары павінныя дапамагаць людзям жыць тым сама духам. Калі святар забудзецца, што ягонае жыццё ёсць дарам Бога, то ён прынясе больш шкоды.
Святары вінныя служыць людзям, не кіраваць ці валадарыць, але дапамагаць ісці да Бога.
Памятаем таксама, што Хрыстос вельмі непакоіўся за лёс Ізраэля. Святы Павал таксама любіў свой народ, і нават казаў, што адышоў бы ад Бога, каб толькі гэта магло прынесці карысць ягонаму народу. Канешне, гэта не магло прынесці карысці, але ён так любіў свой народ!
У нас таксама ёсць прарок - гэта Скарына. Дзеля чаго ён выдаваў кнігі? На славу Богу, на славу Божай Маці, для свайго народу. У прадмове да псалтыра ён тлумачыць, што піша на роднай мове, бо гэтай мовай Бог яго адарыў.
Мы маем сваю мову. Мы ня горшыя за іншыя народы і ня лепшыя. Таму, што Бог нам гэтую мову даў. Мы паважаем іншыя народы і іншыя культуры, але маем сваю.
Большую частку свайго жыцця я жыў па-за межамі Беларусі. Але заўжды маю Беларусь у сваім сэрцы. Бог паклікаў мяне так служыць. Мне прыйшлося столькі год служыць аднаму на беларускай місыі ў Лёндане, што часам я наракаў. Але жыццё не бывае без цяжкасцяў. Яны могуць альбо зламіць нас, альбо зрабіць лепшымі. І просім у Бога, каб яны не зламілі нас, але зрабілі нас мацнейшымі», - сказаў айцец Аляксандар Надсан.





Фота Bymedia.net, "Радыё Свабода"