Атамная станцыя знішчыць беларусаў
- 3.02.2008, 17:01
Рэактары новай беларускай АЭС за 15 гадоў працы выкінуць столькі ж радыенуклідаў, колькі было выкінута чарнобыльскім рэактарам. Такое меркаванне выказаў доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін падчас грамадскіх слуханняў па пытанні будаўніцтва беларускай АЭС, што адбыліся гэтымі выходнымі ў Менску.
Пры гэтым Г.Лепін падкрэсліў: у гэтым выпадку ўлічваліся толькі дазволеныя (ліцэнзаваныя) выкіды, якія штодня праводзяцца АЭС. "Як бы ні пабудавалі станцыю, любы рэактар небяспечны і шкодны ў працэсе сваёй эксплуатацыі. Няхай ён хоць на 100% надзейны, ён увесь час будзе атручваць нашу тэрыторыю і людзей", — перакананы прафесар, паведамляе БелаПАН.
Паводле яго меркавання, разглядаць магчымасць будаўніцтва АЭС можна толькі ў тым выпадку, калі ў свеце з'явіцца рэактар новага пакалення, прынцыпова адрозны ад цяперашняга, які б гарантаваў "100% бяспеку насельніцтва".
У сваю чаргу фізік, кандыдат тэхнічных навук, адказны сакратар камісіі Вярхоўнага Савета СССР па разглядзе прычын аварыі на Чарнобыльскай АЭС Юрый Варонежцаў заявіў, што шкода ад працы АЭС у штатным рэжыме, без аварый і інцыдэнтаў, пацверджана шматлікімі даследаваннямі.
Так, згодна з даследаваннямі, праведзенымі ў ЗША, дзеці і маладыя людзі, якія жывуць паблізу АЭС, часцей хварэюць на лейкемію. Апрача таго, у раёнах, што размешчаны на адлегласці да 80 кіламетраў вакол ваенных атамных вытворчасцей і да 46 кіламетраў ад цывільных АЭС, зафіксавана значнае павелічэнне смяротнасці ад раку грудзей.