BE RU EN

На мяжы сапраўднай катастрофы

  • Уладзімір Халіп
  • 28.07.2008, 16:01

Вялікай небяспекі толькі што пазбегла Беларусь. Было ўсё як заўсёды. Расслабіліся. Страцілі пільнасць. І апынуліся на мяжы сапраўднай катастрофы.

Яшчэ дзень-другі ўсеагульнага бязладдзя, і падумаць нават страшна, што магло б здарыцца з краінай і народам. Але знайшоўся чалавек, які тым настроям не паддаўся. І ўратаваў усіх ад бяды.

Ён асабіста рушыў на самы пярэдні край. У Камянецкі раён. Сабраў там аграрыяў рознага кшталту. І паведаміў ім сенсацыйную навіну: “Преступлением будет, если не начнем уборку с завтрашнего дня”. Аграрыі разгублена маўчалі, агаломшаныя нечаканай навіной. Яны ж былі ўпэўненыя, што пачынаць жніво трэба не раней кастрычніка. Ачуняўшы, выбеглі ў поле. Памацалі колас. Так і ёсць. Чыстая праўда. Хто б мог падумаць – саспела збажына!..

І пачалася бітва за ўраджай, якой не ведаў свет. У параўнанні з ёю Фермапілы або Аўстэрліц – дзіцячы сад. Будзем з хлебам ці не будзем – вось у чым пытанне. Лёс краіны вырашаецца ў полі. Толькі ў нас. Такое тут напэўна поле. Рэха камянецкай сенсацыі даляцела да самых да ўскраін. Ходзяць чуткі, нібыта кароль Гішпаніі на кані праскакаў па тамтэйшых паселішчах з заклікам: “Мужыкі, збярэм таматы своечасова!” А прэм’ер-міністр Грэцыі і ўвогуле аддаў загад аграрнаму сектару грэцкі арэх сабраць датэрмінова. Усе народы ўражанай Еўропы цяпер глядзяць з надзеяй у яе Цэнтр і чакаюць новых шчыраванняў.

Так, вядома, не дзеля адной гэтай навіны збіраўся камянецкі курултай. Былі там востра і бескампрамісна пастаўлены і іншыя пытанні вясковага жыцця. Высветлілася, напрыклад, што высокае кіраўніцтва “считает необходимым в кратчайшие сроки решить кадровую проблему в аграрном секторе страны”. У кагосьці з раённых начальнікаў нават сэрца затрымцела. Няўжо зноў кінуць на вёску дэсант трыццацітысячнікаў? Няшчасных чыноўнікаў, якім загадаюць падняць занядбаныя гаспадаркі. Ажно не.Часы не тыя. Калгасы чакаюць не наменклатурных энтузіястаў, а дыпламаваных адмыслоўцаў. І не абы якіх. “Плохие кадры нам не нужны. С плохими кадрами в рынке мы не выплывем”.

Але дзе ж іх узяць, гэткія кадры? Пакуль падрыхтуюць адмыслоўцаў ды на практыцы пераканаюцца, чаго яны вартыя, колькі часу пройдзе! Аднак высокае кіраўніцтва глядзіць заўсёды ў корань. І бачыць самую сутнасць. Ёсць, як высветліла камянецкая нарада, выйсце і з гэтага зачараванага кола. “Поступил в сельскохозяйственный вуз – иди работай на село. Без разрешения председателя райисполкома никто не сможет перейти на другую работу”.

Вось так! Чым не вынаходніцтва?

Аднак здаецца, недзе ўжо нешта гэткае было. І ў падручніках гісторыі ўзгадвалася. Нават не ў тых, па якіх вучылі ў Магілёўскім педінстытуце. У самых простых, школьных. І сістэму тую цар Аляксандр Другі, ён жа Вызваліцель, адмяніў. Яшчэ ў 1861 годзе. Як недарэчную і малаэфектыўную. Бо яна замінала развіццю краіны. І з таго даўняга часу прыгон лічыцца дурнатой і дзікунствам.

А можа, памыліўся калісьці таварыш Сталін? І далёка не ўсё вырашаюць кадры? Цягам 2005-2007 гадоў убухалі ў аграрны сектар ажно 46 трыльёнаў рублёў. Падлічылі дакладна, якімі фантастычнымі будуць вынікі. А рэальны прырост вытворчасці не дасягнуў і паловы таго, што планавалі. Але і гэта яшчэ толькі кветачкі. Урад ужо распрацоўвае паціху аварыйны варыянт дзяржаўнага бюджэту на той выпадак, калі цана на газ дасяне раптам 200 даляраў. І хто ж у такім выпадку дасць тыя шалёныя трыльёны, якіх так прагне сёння ваяўнічы аграрны сектар? Даўно ўжо трэба было прызнаць бясспрэчную ісціну. Мёртвая калгасная сістэма не працуе. Калі нават вялікія грошы не могуць вярнуць яе да жыцця, няўжо нейкая аблава на аграномаў ды заатэхнікаў раптам дапаможа?

Усе кіраўнічыя пражэкты, з дапамогай якіх тут ужо колькі год спрабуюць уратаваць шматпакутную вёску, – або са сталінскіх, або з хрушчоўска-брэжнеўскіх часоў. Колькі грукату і крыку было вакол славутых аграгарадкоў! Якое вынаходніцтва – усе вясковыя праблемы вырашаюца адразу і назаўсёды. Новае слова ў аграрнай палітыцы. Але ж яшчэ Машэраў з іх дапамогай збіраўся вывесці калгасы ў светлую будучыню. Паспяшаўся ўсе вёскі падзяліць на перспектыўныя і неперспектыўныя. Безнадзейныя, кажучы прасцей. І што ў выніку? Здаровыя і разумныя людзі падаліся прэч з паселішчаў, загаддзя асуджаных на смерць.

Пакуль новае пакаленне кіраўнічых фантазёраў будавала паветраныя замкі цуда-гарадкоў, ды палохала суседзяў вайсковымі манеўрамі, практычныя літоўцы вярталі зямлю былым яе ўладальнікам і прабіваліся паціху на еўрапейскі рынак са сваёй смятанай ды каўбасамі. І нешта не чуваць цяпер, каб там нехта з высокага начальства гойсаў па палетках ды крычаў: давай, давай! Зямля не любіць крыку. Асабліва кіраўнічага. І без гаспадара яна не родзіць. Яна павінна каму-небудзь належаць. Так жыве спрадвеку ўвесь свет. І толькі мы – самыя разумныя. “И все вокруг – колхозное…”

А таму – аблава і прымус. На доўгія гады. У сістэме гэтай варыянтаў быць не можа.

последние новости