BE RU EN

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: Хрыстос жыве і хоча, каб і ты жыў

  • 5.04.2026, 9:45

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі накіраваў віншавальны зварот да беларускіх вернікаў.

Каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго свету адзначаюць Вялікдзень. Сёння мы вітаемся «Хрыстос уваскрос!».

Святочныя богаслужэнні праходзяць ва ўсіх каталіцкіх храмах і малітоўных дамах Беларусі. Уначы там запалілі жыватворны агонь.

У вігілію Вялікадня свой віншавальны зварот да вернікаў накіраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі:

— Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету! Касцёл з радасцю абвяшчае гэту надзею, якую Бог зрабіў моцнай і непераможнай.

Сёння мы вітаемся «Хрыстос уваскрос!», і ад кожнага хочам пачуць у адказ «Сапраўды ўваскрос», бо такім чынам мы сведчым, што мы хрысціяне, людзі добрай волі.

Хрыстус жыве і хоча, каб і ты жыў. Кожны хто дазваляе Уваскросламу Хрысту дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.

Будзем жа сапраўднымі сведкамі нашай веры ва Уваскрослага Пана! Няхай Пасхальная таямніца, якая ўслаўляе моц збаўчай любові Хрыста, умацуе нашу веру ў Яго прысутнасць сярод нас.

Ідучы па жыцці, давайце, па прыкладзе апосталаў i Марыі Магдалены з раніцы Уваскрасення, пойдзем з гэтай радаснай навіной насустрач нашым братам і сёстрам, каб і яны паверылі ў Хрыста і Яго ўваскрасенне! (пар. Мц 28, 1-8).

Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.

Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.

Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.

Віншуючы з радасным святам надзеі, давяраю ўсіх вас Маці ўваскрослага Пана Багародзіцы Марыі і благаслаўляю: у Імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн».

последние новости