Слонімская ЖКГ прапануе жыхарам «спраўляць патрэбу ў двары і закопваць»
Мясцовыя ўлады проста здзекуюцца з жыхароў вёскі Сурынка.
Жыхары вёскі Сурынка ў Слонімскім раёне ўжо месяц дамагаюцца ад мясцовых уладаў рамонту каналізацыі ў шматкватэрным доме. Пакуль усё безвынікова.
Праблема пачалася яшчэ ў траўні, калі прыбіральня і ванна ў кватэры Аксаны Ільясавай у доме па вуліцы Цэнтральная, 54а пачалі запаўняцца фекаліямі, паведамляе «Газета Слонимская».
Жанчына разам з іншымі жыхарамі дома звярнулася ў слонімскую ЖКГ з просьбай ліквідаваць праблему. Там ёй парэкамендавалі адрасаваць сваю праблему ў аграгаспадарку.
Аднак сельгаспрадпрыемства не ўзялося дапамагчы людзям, даслаўшы пакутнікаў назад у ЖКГ.
«Яны мне з пасмешкай казалі, бяры рыдлёўку, капай яму на вуліцы, там спраўляць патрэбу і закопвай», – кажа жанчына.
На пытанне, хто так жорстка з яе кпіў, Аксана не адказала, але тое, што з яе праблемы мясцовая ўлада толькі пасмейваецца, не хавае.
«Я не магу нават памыць свае рэчы, дастала ўжо ўсё», – кажа Аксана.
«Трубы мяняць даўно час. Вокны адчыніць нельга, бо мы баімся, што шыбы вываляцца. Але да нашых праблемаў няма нікому справы», – заўважаюць вяскоўцы.
Паводле словаў жыхароў, дапамагчы ім ЖКГ не спяшаецца, хоць яны спраўна плацяць за ўсе паслугі і робяць адлічэнні на капітальны рамонт.