BE RU EN

У Крамлі абмяркоўваюць увядзенне «ваеннага становішча»

Пасля выбараў у Дзярждуму.

Расійскія чыноўнікі не выключаюць, што пасля выбараў у Дзярждуму ў краіне афіцыйна ўвядуць ваеннае становішча або яго асобныя элементы.

Пра гэта паведамляе расійскае выданне «Вёрстка».

Як піша СМІ, адпаведную інфармацыю ім агучылі адразу некалькі крыніц у федэральных і рэгіянальных органах улады РФ, а таксама ў кіраўніцтве адной з апазіцыйных думскіх фракцый.

Так, згодна з федэральным заканадаўствам, каб ужыць адпаведную меру, будзе дастаткова толькі ўказа прэзідэнта, дзе павінны быць пазначаны дата і час пачатку дзеяння ваеннага становішча.

Калі гэта адбудзецца, гэта фактычна будзе азначаць жорсткія абмежаванні. Сярод іх:

«замарозка» дзейнасці партый і грамадскіх арганізацый;

забарона любых масавых акцый;

скасаванне ўсіх выбараў;

татальная цэнзура;

камэнданцкая гадзіна і абмежаванне перамяшчэння грамадзян;

акрамя таго, улады будуць мець права мабілізаваць мірных жыхароў і іх маёмасць на працы, звязаныя з абаронай.

Два паліттэхнолагі, якія працуюць з Крамлём, распавялі, што такі сцэнар падтрымліваюць «некаторыя сілавікі, што ўжо даўно лічылі, што трэба перастаць цацкацца» з насельніцтвам і «ваяваць усёй краінай».

«Трыгерам можа стаць правал на фронце або ў працы людзей у войсках», — дапусціў адзін з вышэйзгаданых паліттэхнолагаў.

У той жа час суразмоўца ў кіраўніцтве адной з думскіх фракцый адзначыў, што «становішча краіны становіцца ўсё больш сур'ёзным», і без крайніх мер ўраўнаважыць сітуацыю можа і не атрымацца.

Пры гэтым крыніца адзначае, што ўказа дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна «можа і не быць», бо гэта разбурыць сістэму максімальнай неўцягнутасці расіян у ваенныя справы.

Акрамя таго, варта ўлічваць, што частка мер ваеннага становішча ў РФ і так фактычна дзейнічае. Прыкладам з'яўляецца ваенная цэнзура, у сувязі з якой публікацыя інфармацыі, якая будзе супярэчыць афіцыйнай пазіцыі Мінабароны, можа пагражаць супрацоўнікам СМІ крымінальнымі пакараннямі, а самім медыя — пазбаўленнем ліцэнзіі.

Таксама расійскае выданне дадало, што на гэты момант ваеннае становішча дзейнічае ў частцы Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцей, якія захоплены і знаходзяцца пад кантролем расійскіх акупантаў.

Нагадаем, нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Пуцін дагэтуль баіцца праводзіць мабілізацыю адкрыта. Але нягледзячы на гэта, пасля выбараў у Дзярждуму ён плануе мабілізаваць у расійскую армію ад 300 да 500 тысяч расіян.

Апошнія навіны