На Гомельшчыне знайшлі небяспечныя цукеркі для дзяцей
Усе яны прадаваліся ў незвычайнай упакоўцы.
Небяспечныя прысмакі выявіла ў крамах Гомельшчыны абласная інспекцыя Дзяржстандарту. Экспертыза паказала, што папулярныя кандытарскія вырабы небяспечныя для здароўя, піша «Точка» .
У спіс забароненых прадуктаў трапіла вадкая цукерка «Спрэй-запальнічка «Огонек» з падсаладжальнікам сукралозай у складзе. Яна маркіруецца як харчовая дабаўка Е955.
«Паводле Тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза выкарыстанне гэтага рэчыва ў дадзеным тыпе харчовай прадукцыі строга забаронена», – адзначылі спецыялісты.
У чорны спіс таксама трапілі жэлеевыя дэсерты «Веселый напугай» («Аллигатор»), «Мои питомцы (зоопарк)», «Мои питомцы (сова)», «Ланч-гами (Russian Combo)».
Эксперты знайшлі ў гэтых прысмаках канжаковую муку (Е425).
«Дадзены кампанент заканадаўча недапушчальны для выкарыстання ў вытворчасці жэлеевых кандытарскіх вырабаў», – паведамілі ў Дзяржстандарце.
Спецыялісты не рэкамендуюць набываць дзецям дэсерты ў выглядзе тубаў, шпрыцаў, спрэяў, капсул або пакецікаў-стыкаў. Небяспека такіх цукерак не толькі ў хімічным складзе, але і ў тары. Яна можа сфарміраваць у дзіцяці няправільныя паводніцкія звычкі.