Леанід Заіка: «Такой дэмакратыі, як у Расеі, нам не трэба»
- 4.12.2007, 9:55
Дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка пракаментаваў «Нямецкай хвалі» вынікі парламенцкіх выбараў у Расеі і іх магчымы ўплыў на беларуска-расейскія ўзаемаадносіны.
– Як вы ацэньваеце вынікі парламенцкіх выбараў у Расеі?
– Тут можна казаць толькі пра дзве рэчы: альбо ў Расеі ідзе фармаванне моцнага цэнтра, альбо ў партыю ўлады аб'ядналіся прадстаўнікі партыйна-гаспадарчай наменклатуры, якія спынілі дэмакратызацыю грамадства.
– Як вынікі гэтых выбараў паўплываюць на беларуска-расейскія ўзаемаадносіны?
– Беларуска-расейскія стасункі, па ўсёй бачнасці, пакуль не зменяцца. Улада ў Расеі будзе па-ранейшаму іграць па нармальных правілах вялікадзяржаўнай, эгаістычнай краіны. Што тычыцца Лукашэнкі – то ён адчуваў і разумеў, што такое можа адбыцца, таму з яго боку таксама нічога не зменіцца. Будзе тая ж незразумелая напаўзадушаная інтэграцыя з незразумелымі людзьмі і незразумелымі мэтамі. Змяняцца будуць толькі тарыфы на газ, памеры экспартнай пошліны на нафту. І будуць чарговыя запэўненні ў яднанні Беларусі і Расеі. Хоць цяперашняя беларуская эліта гэтага яднання не хоча.
– Якія ўрокі з падзей у Расеі можа атрымаць беларуская дэмакратычная грамадскасць?
– Самы галоўны ўрок – што Расея не ідзе да стварэння дэмакратычнай, рынкавай мадэлі развіцця. Думаю, беларускія палітыкі і палітолагі гэта ўжо адчулі па той гульне, якая была напярэдадні выбараў, таму апеляцыі да Расеі цяпер будуць асцярожнымі. Вядома, шмат беларускіх палітыкаў – з АГП, ПКБ (акрамя БНФ, вядома) – будуць працягваць звяртацца ў Маскву, будуць шукаць падтрымку сярод аўтарытэтных палітыкаў, але гэта будуць дзеянні, пабудаваныя на ўнутраным недаверы. І яшчэ адзін вельмі важны факт. Я думаю, што на фоне ўсяго гэтага замацуецца думка, што еўрапейскі варыянт развіцця ўсё-ткі больш перспектыўны для таго, каб у Беларусі фармавалася паўнавартаснае дэмакратычнае грамадства. Таму што такіх рэформ, як у Расеі, такой дэмакратыі, як у Расеі, нам не трэба.