BE RU EN

Дзяржаўныя установы прыслухоўваюцца да незалежных навукоўцаў

  • 29.09.2007, 15:25

28 верасьня ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Скарыны прайшоў круглы стол дзеля абмеркаваньня праекту закону “Аб Правілах беларускай артаграфіі й пунктуацыі”. Ініцыяваў сустрэчу мовазнаўца, суаўтар “Беларускага клясычнага правапісу” Зьміцер Саўка, вялі намесьніцы старшыні ТБМ Алена Анісім і Людміла Дзіцэвіч. У паседжаньні ўзялі ўдзел навукоўцы, выкладнікі, выдаўцы як зь дзяржаўных, так і незалежных установаў: старшыня ТБМ Алег Трусаў, выкладнікі Ўнівэрсытэту культуры Ігар Клімаў, Пэдагагічнага ўнівэрсытэту – Алесь Лозка, Пэдагагічнага коледжу – Алесь Чэчат, галоўныя рэдактары часопісу “Роднае слова” Ўладзімір Куліковіч і газэты “Наша слова” Станіслаў Суднік, доктар біялягічных навук Язэп Стапановіч і іншыя. Гасьцямі былі дырэктар Інстытуту мовазнаўства НАН Беларусі Аляксандар Лукашанец, кандыдаты навук Вераніка Курцова (Інстытут мовазнаўства), Сяргей Запрудзкі (БДУ).

Прынятая за аснову рэзалюцыя патрабуе публічнасьці абмеркаваньня сытуацыі з правапісам і як мага даўжэйшага адкладу яго ўзаконеньня. Вынікі круглага стала камэнтуе яго ўдзельнік, суаўтар “Беларускага клясычнага правапісу” Вінцук Вячорка:

— Я выступіў з востра крытычнаю нататкаю наконт вынесенага на абмеркаваньне праекту правапісу, ён жа праект закону. Мовазнаўчая частка яе зьявіцца неўзабаве ў “Нашым слове”. Наагул жа сёньня беларуская літаратурная мова карыстаецца двума правапісамі: савецкім і клясычным, а ў інтэрнэце – пераважна клясычным. Клясычны правапіс адрадзіўся ў Беларусі ў пачатку 80-х гадоў як натуральная рэакцыя на хібы, непасьлядоўнасьць, русыфікатарскую палітызаванасьць правапісу ўзору 1933 і 1959 г. Клясычны правапіс існуе й будзе існаваць. Калі беларускую мову выціскаюць з асноўных функцыянальных сфэраў, нельга падтрымліваць захады, якія абмяжуюць любую форму ейнага бытаваньня, будзь гэта дыялектная мова, гарадзкая размоўная мова, розныя правапісныя варыянты літаратурнае мовы. Законапраект акурат мае на мэце такое абмежаваньне, а нават перасьлед клясычнага правапісу. Таму трэба адкласьці прыняцьцё любых заканадаўчых актаў наконт правапісу да аднаўленьня рэальных функцыяў беларускае мовы як дзяржаўнае.

Аляксандар Лукашанец сказаў, што абмяркоўваны праект ад пачатку, калі ім займаўся Інстытут мовазнаўства, разглядаўся не як рэформа, а толькі як удасканаленьне правапісу 1959 г. Гэта важная заўвага, бо некаторыя цяпер кажуць, нібыта перад намі новы правапіс, які страціў зьмястоўную сувязь з русыфікацыйнымі зводамі савецкае пары.

Характэрна, што Алесь Чэчат, які ведае настроі настаўнікаў-філёлягаў, кажа: яны ў бальшыні сваёй ня хочуць зьменаў, пагатоў праект падрыхтаваныя бязь іхнага ўдзелу. Я цалкам зь ім згодны. Няма цяпер патрэбы чапаць правапіс 1959 году, перад моваю стаяць зусім іншыя ды вельмі небясьпечныя выклікі, каб мы дазволілі сабе раскошу спрачацца наконт правапісаў.

Практычна нідзе ў эўрапейскіх краінах правапіс не зацьвярджаюць як закон. Правапіс дзейнічае як дабрахвотная канвэнцыя носьбітаў мовы. У нас улада, якая апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі выціскала беларускую мову на ўзбочыну дзяржаўнага жыцьця, раптам заклапацілася ейным лёсам. Я перакананы, што парупіцца пра нашую мову заканадаўча – значыць вярнуць яе ў тэлевізію, забавязаць вытворцаў пісаць па-беларуску на ўпакоўках, аднавіць зачыненыя беларускія школы, даць нарэшце магчымасьць атрымліваць вышэйшую адукацыю па-беларуску.

Але ў “палаце прадстаўнікоў” ніводзін прадстаўнік не выступае па-беларуску. Я заклікаю чальцоў Палаты: не сьпяшайцеся вырашаць лёс таго, чым вы не жывяце й чаго не адчуваеце. Дарэчы, з падачы Юр’я Чавусава наш круглы стол прапанаваў разумную рэч: парлямэнцкія слуханьні, прысьвечаныя моўнай палітыцы.

Трывожна, што Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа застаўся ўбаку ад праекту й быў далучаны да яго на апошняй стадыі. Я магу спрачацца зь яго прадстаўнікамі, але адназначна перакананы, што Інстытут павінен адыгрываць важную ролю ў распрацоўцы дзяржаўнае моўнае палітыкі. І добра, што сёньня аднавіўся дыялёг паміж спэцыялістамі, якія працуюць у дзяржаўных установах, і незалежнымі навукоўцамі. Думаю, нас яднае значна больш, чым разьядноўвае, а менавіта клопат пра беларускую мову. Усё астатняе – дэталі.

Апошнія навіны