BE RU EN

МАЗ прадалі Алегу Дзерыпаску?

  • 30.01.2008, 10:30

Менскі аўтамабільны завод (МАЗ), магчыма, прададзены расейскаму алігарху. Пакупнік, верагодна, асабісты сябар Уладзіміра Пуціна Алег Дзерыпаска.

Аналітыкі сайта Expertby.org мяркуюць, што першыя прыкметы падрыхтоўкі беларускага МАЗа да продажу з'явіліся ў канцы снежня мінулага года, практычна адразу пасля афіцыйнага візіту Пуціна ў Беларусь.

Не так даўно на МАЗе прайшла незвычайная інвентарызацыя маёмасці. Замест фармальнага падпісання папер быў праведзены рэальны агляд і пералічэнне ўсёй маёмасці прадпрыемства, у тым ліку:

- інвентарызацыя незавершанай вытворчасці (то бок, усіх дэталяў, якія ёсць у цэхах, але яшчэ не пастаўленыя на аўтамабілі);

- інвентарызацыя будынкаў з выкарыстаннем найноўшага абсталявання, такога як лазерныя рулеткі. (Пры гэтым апынулася, што вытворчыя плошчы прыкметна большыя, чым яны праходзілі раней па дакументах, аформленых па выніках вымярэнняў звычайнымі прыладамі);

- інвентарызацыя асабістых складоў-«прыхаванак», якія слесары-рамонтнікі ствараюць, здымаючы дэталі з спісаных станкоў (такога ніколі раней не было);

- інвентарызацыя расліннасці на тэрыторыі прадпрыемства: дрэў, кустоў, кветнікаў (такога таксама ніколі раней не праводзілася).

Тое, што пакупніком МАЗа можа быць Алег Дзерыпаска, эксперты сайта вырашылі пасля аналізу наступных фактаў:

Кіраўніцтва прадпрыемства апошнім часам вельмі ўжо часта наведвае ГАЗ у Ніжнім Ноўгарадзе, які належыць Дзерыпаску, на рознага роду сустрэчы.

3 студзеня (у афіцыйны расейскі выходны) МАЗ наведаў кіраўнік службы якасці Заволжскага маторнага завода, уваходнага ў бізнэс-імперыю Дзерыпаскі.

Акрамя таго, з'явіліся некаторыя намёкі на тое, што на заводзе задумваецца пераход на іншую сістэму якасці. Намеры гэтыя праглядаюцца ва ўжо згаданым візіце кіраўніка службы якасці Заволжскага маторнага завода, а таксама ў інфармацыі пра тое, што з канвеера будуць прыбраныя кантралёры. На заводах Дзерыпаскі ўжываюць іншую сістэму: замест кантролю і практыкі пакарання за дрэнную якасць – ніякага пакарання за памылку і практыка заахвочвання за лідэрства па якасці працы і за ўдасканаленне працэсу вытворчасці.

Чаму Дзерыпаска смела ўваходзіць на беларускае бізнэс-поле, не асцерагаючыся змянення правіл па ходзе гульні, якая характэрная для Беларусі і адпужвае сур'ёзны сусветны капітал? Мабыць, яму былі дадзеныя адпаведныя гарантыі, робяць выснову эксперты. Яны мяркуюць, што пытанне аб такіх гарантыях магло быць абмеркаванае падчас снежаньскай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі.

Апошнія навіны