У Беларусі вызвалены яшчэ 25 палітвязняў
- 16.09.2026, 12:09
(Абноўлена) Вядомыя прозвішчы амаль усіх, хто выйшаў на волю 16 верасня.
У Беларусі на волю выйшлі яшчэ 25 палітвязняў.
Пра гэта спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул паведаміў на сваёй старонцы ў Х. Ён таксама апублікаваў фота палітвязняў, вызваленых 16 верасня.
«Сёння на волі 25 зняволеных! Адданасць прэзідэнта Трампа прамай дыпламатыі прыносіць вынікі. …Дзякуй нашым сябрам у Літве за падтрымку. Мы і далей будзем паляпшаць адносіны паміж ЗША і Беларуссю і працуем над вызваленнем яшчэ большай колькасці людзей у найбліжэйшай будучыні. Мы яшчэ не скончылі!», — напісаў Джон Коул.
Сярод вызваленых 16 верасня — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алена Лазарчык.
Алене Лазарчык 51 год, яна ўдава актывіста і абаронцы Курапатаў Сяргея Мацкойця (ён памёр у 2023 годзе).
У верасні 2022 года Алену прысудзілі да 8 гадоў калоніі, яе абвінавацілі па артыкулах аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і грубым парушэнні парадку (арт. 342 КК).
Пазней ёй дадалі яшчэ паўтара года калоніі па артыкуле аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (арт. 411 КК). З таго часу Алена знаходзіцца ў ІК-24 у Зарэччы, калоніі, куды накіроўваюць адбываць тэрмін жанчын, якіх асудзілі паўторна.
На дадзены момант вядомыя наступныя імёны вызваленых і дэпартаваных палітвязняў:
Аляксандраў Андрэй, менеджар БелаПАН
Белавус Павел, заснавальнік культавай крамы Symbal.by
Бурло Яўген, удзельнік гурта Tor Band
Верэмееў Ілля, асуджаны за паведамленні ў тэлеграм-чатах на пачатку вайны
Галавач Дзмітрый, удзельнік гурта Tor Band
Злобіна Ірына, уладальніца кветкавай крамы, затрыманая па справе BY_help
Колас Дзмітрый, выдавец
Кузіна Таццяна, палітолаг
Лазарчык Алена, актывістка «Еўрапейскай Беларусі»
Лазарэнка Анастасія, адвакат
Навожылаў Дзмітрый, дырэктар агенцтва БелаПАН
Пазняк Кірыл, журналіст
Пятручэня Павел, асуджаны за «Чорную кнігу Беларусі»
Пінчук Яна, адміністратар тэлеграм-каналаў, экстрадаваная з Расіі
Сальмановіч Дзяніс, асуджаны за тэлеграм-каналы
Строева Вольга, 67‑гадовая прадпрымальніца з Гомеля
Целюк Андрэй, актывіст з Брэста
Чумакоў Алесь, удзельнік «Старога Ольсы»
Чэкіна Людміла, дырэктар Tut.by
Юшкевіч Яўген, былы следчы і айцішнік
Якубовіч Святлана, валанцёр гамельскай «Вясны»
Ярамчык Андрэй, удзельнік гурта Tor Band
Раней Джон Коул па выніках перамоў у Мінску паведаміў, што ў Беларусі вызваляць 25 чалавек, а Злучаныя Штаты ў адказ здымуць санкцыі з двух беларускіх кампаній.
«У якасці жэсту добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты, са свайго боку, здымуць санкцыі з двух беларускіх кампаній — «Лакокраска» і «Беллесбумпром»», — заявіў Коул.
Перамовы амерыканскай дэлегацыі з беларускімі ўладамі праходзілі ў Мінску 15 і 16 верасня.
Спецпасланнік ЗША падкрэсліў, што бакі працягнуць працу над пытаннямі, якія засталіся. Паводле яго слоў, у выпадку дасягнення новых дамоўленасцяў могуць паследаваць чарговыя вызваленні людзей і далейшае зняцце амерыканскіх санкцый з беларускіх прадпрыемстваў.
«Калі ўсе пытанні будуць вырашаныя і ўзгодненыя абодвума бакамі, паследуюць дадатковыя вызваленні людзей і зняцце санкцый з беларускіх кампаній», — заявіў Коул.
Напярэдадні Джон Коул сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Адна з тэм перамоваў — вызваленне зняволеных. Перад візітам у Беларусь спецпасланнік ЗША знаходзіўся ў Вільні, дзе абмяркоўваў з кіраўніком МЗС Літвы Кястуцісам Будрысам у тым ліку сітуацыю з беларускімі палітвязнямі.
Раней Коул заяўляў, што разлічвае на новыя вызваленні зняволеных у Беларусі прыблізна ў сярэдзіне верасня.