Новы закон аб інфармацыі -- рэпрэсіўны і нясе пагрозу незалежным СМІ
- 10.10.2008, 9:13
Законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” быў прыняты 9 кастрычніка ў другім чытаньні “палатай прадстаўнікоў”. Паводле міністра сувязі Мікалая Панцялея, у законапраекце аформлены патрабаваньні да працэсу стварэньня, эксплюатацыі і рэгістрацыі інфармацыйных сыстэм.
Ці выклікаюць некаторыя палажэньні гэтага закону занепакоенасьць з пункту гледжаньня свабоды інфармацыі? Навошта дзяржаўным органам патрэбны гэты закон? На пытаньні “Радыё Свабода” адказвае кіраўнік Цэнтру прававой абароны Беларускай асацыяцыі журналістаў, былы сябра Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў.
-- Ці можна сказаць, што гэты закон не нясе пагрозы для свабоды слова і інфармацыі ў Беларусі?
-- На маю думку, гэта рэпрэсіўны закон, які ўяўляе непасрэдную пагрозу існаваньню незалежных мэдыяў у Беларусі і ў цэлым свабодзе інфармацыі. У законе выбудаваная фактычна ідэалягічная вэртыкаль, вэртыкаль уладных органаў, якія будуць кантраляваць усе плыні інфармацыі, што праходзяць электронныя, друкаваныя СМІ і Інтэрнэт. Узначальваць гэтую вэртыкаль будзе Нацыянальны цэнтар гарантаваньня бясьпекі пры прэзыдэнце РБ. Фактычна ўзводзіцца новая сыстэма органаў, якія будуць ажыцьцяўляць кантроль за інфармацыяй.
-- Якія паўнамоцтвы ў гэтых органаў і ў чым іхняя рэпрэсіўнасьць?
-- У кожнага органа паўнамоцтвы розныя, пачынаючы ад прэзыдэнта, ураду і некаторых міністэрстваў. Нават Нацыянальная акадэмія навук ў сфэры інфарматызацыі будзе ажыцьцяўляць пэўныя паўнамоцтвы, магчыма, зьвязаныя з рэгістрацыяй інфармацыйных рэсурсаў. Больш за тое, на кожным дзяржаўным прадпрыемстве, дзе ёсьць нейкія крыніцы інфармацыі, будуць уведзены пасады людзей, адказных за выкарыстаньне гэтай інфармацыі і яе распаўсюд.
-- Ці зьвярталі прадстаўнікі БАЖ увагу на палажэньні гэтага закону, ці яго абмеркаваньне прайшло незаўважаным?
-- Юрысты БАЖ неаднаразова зьвярталі ўвагу на недакладнасьці, што ёсьць у законапраекце, двойчы мы накіроўвалі нашы аб’ёмныя прапановы і заўвагі. Двойчы мяне запрашалі на пасяджэньне рабочай групы, але ніводная з прынцыповых заўваг і прапаноў не была прынятая рабочай групай.
Мы ўвогуле выступалі супраць прыняцьця гэтага закону. Мы лічым, што далейшая рэглямэнтацыя пытаньняў, зьвязаных з правам на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, будзе толькі супярэчыць канстытуцыйнаму праву. Дзяржава ўрываецца ў інфармацыйную прастору, фактычна ўводзіцца дзяржаўная манаполія на інфармацыю. Мяркую, гэта і ёсьць галоўная мэта прыняцьця гэтага дзіўнага для эўрапейскіх краін закону”.
На нашу думку, шэраг палажэньняў закону супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі (артыкулы 33 і 34, права на свабоду слова і свабоду інфармацыі) і міжнародным стандартам”.