Беларусы не хочуць аддаваць алімпійскія медалі
- 12.12.2008, 10:20
У Беларусі не згодныя з рашэннем дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта, якая абвінаваціла кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана ва ўжыванні допінгу.
Як паведаміў журналістам дырэктар беларускага Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мікалай Кручынскі, будзе падрыхтаваная і пададзеная ў тэрмін апеляцыя. Па ягоных словах, "далей мы будзем разбірацца ўжо ў вышэйшым спартовым арбітражным судзе ў Лазане, паколькі гэта, што называецца, апошняя інстанцыя". Ён таксама адзначыў, "нашая пазіцыя такая: падчас правядзення аналізаў былі дапушчаныя пэўныя парушэнні".
У сваю чаргу Вадзім Дзевятоўскі звярнуў увагу на тое, што вынікі ягоных аналізаў і Івана Ціхана зробленыя "як пад капірку".
Паводле рашэння, якое вынес напярэдадні МАК, Дзевятоўскі і Ціхан за парушэнне антыдопінгавых правілаў пазбаўленыя срэбнага і бронзавага медалёў Алімпіяды-2008, - паведамляе ІТАР-ТАСС. Абодва атлета не змаглі прайсці допінг-кантроль пасля алімпійскіх спаборніцтваў 17 жніўня ў Пекіне. Допінг-пробы паказалі ў спартоўцаў падвышаны ўзровень тэстастэрону.