Школьная рэформа ўдарыць па кішэні
- 5.06.2008, 17:29
Новая школьная рэформа выкліча праблемы не толькі ўзроўню адукацыі, але і эканамічныя, а новае пакаленне беларусаў не зможа ўключыцца ў новыя еўрапейскія працэсы, паколькі будзе выхаванае па архаічных савецкіх канонах.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Еўрарадыё» заявіла кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч. Рашэнне пра пераход на 11-гадовае навучанне прынятае сёння на нарадзе ў кіраўніка Беларусі.
Як адзначае эксперт, згледзішча тэхналогіі ды эканомікі такія працэдуры патрабуюць велізарных фінансавых выдаткаў. Між тым, школа толькі нядаўна перажыла пераход на 12-годку і яе дагэтуль перыядычна "ліхаманіць" ад не да канца прадуманых працэдураў пераходу.
Мацкевіч лічыць, што новая рэформа прывядзе да рэзкага зніжэння ўзроўню адукацыі, бо заведама заніжаюцца патрабаванні да якасці адукацыі.
“Тэндэнцыя на зніжэнне патрабаванняў да адукацыі назіраецца ва ўсім і агучваецца дзяржаўнымі структурамі. Маўляў, нам не трэба, каб усе атрымлівалі вышэйшую адукацыю і г.д. І гэтае зніжэнне зместавых патрбаванняў да адукацыйнага працэсу прывядзе да зніжэння якасці адукацыі ўвогуле”, - сцвярджае Святлана Мацкевіч.
На яе думку, новае пакаленне беларусаў папросту не зможа ўключацца ў новыя еўрапейскія працэсы, паколькі будзе выхаванае па архаічных савецкіх канонах. Савецкая адукацыя, адзначае спецыяліст, была добрай для свайго часу. Але цяперашнія інтэграцыйныя працэсы і новыя тэхналогіі высоўваць новыя выклікі.
“Адукацыя ж мусіць гэтыя выклікі прымаць, змяняць сваю структуру, змяняць падрыхтоўку настаўнікаў, навучальныя планы і праграмы... Мы штучна пачынаем гэтыя рэчы тармазіць і казаць: "Мама, нарадзі мяне назад у Савецкі Саюз", гэта азначае, што мы штучна тармозім развіццё не толькі сістэмы адукацыі, але і эканомікі, культуры ўсёй краіны”, - упэўнена эксперт.