Каб сабраць дзіця ў школу, трэба мець 500 даляраў
- 26.08.2008, 9:39
Да 1 верасня, пачатку навучальнага году, застаўся тыдзень. На «камплектацыю» школьніка трэба выкласці ад двухсот тысячаў беларускіх рублёў да паўтысячы даляраў і больш.
«Еўрарадыё» наведала так званыя школьныя кірмашы і разам з бацькамі палічыла, у што абыйдзецца збор дзіцяці ў школу.
Амаль аднагалосна ўсе бацькі скардзіліся на абавязковую школьную форму айчынных вытворцаў. «Выбару ніякага. Школьную форму знайсці немагчыма. Беларускія вытворцы напрыдумлялі такога, што страшна дзіця ў гэта апрануць. А дзе знайсці нешта іншае, ня ведаю. Мусіць, прыйдзецца нарасціць рукавы ў леташняй форме. Партфелі таксама не падабаюцца, таму пойдзем з старым», - кажа адна пакупніца.
Бацькі скардзяцца, што памеры айчыннай адзежы таксама не прадуманыя, няма памераў для нестандартных фігураў, а таксама наракаюць на дарагоўлю:
«Мы пакуль купілі толькі абутак за 70 тысячаў і гарнітур за 140. Летась ён каштаваў 90 тысячаў. Кошты выраслі, а заробак за год не падвысіўся. Трэба яшчэ набыць бялізну, кашулі, шкарпэткі, заплечнік, сшыткі. Калі ўкладземся ў 500 тысячаў, то будзе добра. А калі яшчэ пойдзе, як летась, на плаванне, то гэта будзе наогул вельмі вялікая сума», - кажа адна з маці.
Мянчукі зазначаюць, што з аднога заробку суму на двох дзяцей выкласці немагчыма. І прычым гэта будзе толькі сама неабходнае: заплечнік (40-60 тысячаў), набор фламастэраў і алоўкі (4 тысячы), сшыткі (170-500 за штуку), а таксама спартовая форма, аплата за падручнікі (20-40 тысячаў)…