Апазіцыя перамагла на парламенцкіх выбарах у Славеніі
- 22.09.2008, 14:20
Апазіцыйная партыя сацыял-дэмакратаў з невялікай перавагай перамагла на парламенцкіх выбарах ў Славеніі, якія адбыліся ў нядзелю, паведаміла ў панядзелак дзяржаўная выбарчая камісія краіны.
Пасля падліку 99,97% бюлетэняў сацыял-дэмакраты на чале з Борутам Пахорам набралі 30,5% галасоў, што адпавядае 29 дэпутацкім мандатам. За Славенскую дэмакратычную партыю, узначаленую цяперашнім прэм'ер-міністрам кансерватарам Янэзам Яншай, падалі галасы 29,32% выбаршчыкаў, што гарантуе ёй 28 мандатаў.
Дагэтуль Янша не прызнаў паразы, адзначыўшы, што розніца ў колькасці атрыманых галасоў занадта малая, і можа зведаць змены пасля атрымання апошніх бюлетэняў з замежных выбарчых участкаў.
"Аб магчымым пераможцы мы зможам казаць, толькі калі будуць падлічаныя ўсе галасы", - сказаў славенскі прэм'ер.
Услед за лідэрамі размясціліся "левая" партыя "Зарэс - Новая палітыка" - 9,4% галасоў (дзевяць мандатаў), Дэмакратычная партыя пенсіянераў - 7,45% (сем мандатаў), Славенская нацыянальная партыя - 5,46% (пяць мандатаў), кааліцыя "Славенская народная партыя - Партыя маладых"- 5,24% (пяць мандатаў), Ліберальна-дэмакратычная партыя - 5,19% (пяць мандатаў).
Па адзнацы мясцовых экспертаў, парламенцкую большасць і ўрад складзе кааліцыя, якой аддасць свае сімпатыі партыя пенсіянераў. Янша ў інтэрв'ю славенскім журналістам сказаў, што ягоныя апаненты - левацэнтрысцкая кааліцыя - мае лепшыя шанцы на фарміраванне ўрада.
Усяго ў парламенце Славеніі 90 месцаў, з іх па адным дэпутацкаім крэсле гарантавана аддаецца прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў італьянцаў і венграў.
Яўка на выбарах склала 62% ад 1,7 мільёна выбаршчыкаў. Чакаецца, што афіцыйныя канчатковыя вынікі выбаркам краіны апублікуе ў пачатку кастрычніка.