Беларусаў вырашылі замарозіць напярэдадні «выбараў»
- 22.09.2008, 15:13
Гендырэктар «Мінскэнерга» Васіль Бабей сёння паведаміў, што ацяпленне ў Менску ўключаць не раней за сярэдзіну кастрычніка.
Паводле дзейсных нарматываў падача цяпла пачынаецца пры ўмове, калі сярэднесуткавая тэмпература вонкавага паветра на працягу 5 дзён не перавышае 8 градусаў вышэй за нуль.
На мінулым тыдні мы наблізіліся да гэтай адзнакі. Аднак у нядзелю сярэднесуткавая тэмпература склала больш за 10 градусаў. Меркавана, ацяпленне ў сталіцы ўключаць у сярэдзіне кастрычніка, паведамляе БелТА.
Аднак сіноптыкі сцвярджаюць: зараз на Беларусі надвор'е, характэрнае для сярэдзіны кастрычніка. Гэта значыць як раз той час, калі звычайна падключаюць батарэі. Тым больш што ўжо час быў бы гэта зрабіць. Бо ёсць дакумент, дзе чорным па белым напісана: калі сярэднесуткавая тэмпература на працягу пяці сутак не перавышае 10 градусаў цяпла, павінныя падключыць ацяпленне ў дзіцячых садах, школах, медыцынскіх установах, музеях. А такая тэмпература трымалася ў Менску сем дзён - з 12 па 18 верасня. Гэта значыць яшчэ ў сераду, 17 верасня, цяпло павінны былі даць школьнікам і ўрачам.
Апазіцыя прапаноўвае менчукам выхад са становішча – прыйсці пагрэцца на Кастрычніцкай плошчы Менска ўвечары 28 верасня.