BE RU EN

Вацлаў Гавал: «Нельга губляць пільнасці»

  • 12.10.2009, 9:14

Таталітарныя анклавы не могуць існаваць да бясконцасці -- перамены там абавязкова адбудуцца, заявіў былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал у інтэрв'ю часопісу «Newsweek».

- Як вы расцэньваеце нядаўнія дзеянні Масквы па дачыненні да Украіны і Грузіі? Ці павінна ўзмацненне Расеі выклікаць трывогу ва ўсходнееўрапейцаў?

- Думаю, нельга губляць пільнасці. Цяперашняя палітыка Расеі, несумненна, выклікае ў нас узмоцненую ўвагу, і па некаторых прыкметах Расея сёння спрабуе ўзмацніць свой уплыў нашмат больш вытанчанымі метадамі, чым раней.

- Ці не маглі б вы прывесці прыклады?

- У прыватнасці, яны могуць перакрыць вентылі газа- і нафтаправодаў – такое ўжо адбывалася. Мы таксама бачым, што становімся патэнцыйным аб'ектам вымагальніцтва з боку расейскіх кампаніяў, якія скупляюць стратэгічна важныя чэшскія прадпрыемствы. Характэрны прыклад у гэтым сэнсе – пражскі аэрапорт «Рузінэ»: больш за палову яго акцыяў ужо належыць расейцам. Я не хачу наганяць страх, я кажу толькі, што нельга праяўляць наіўнасць.

- Што вы чакаеце ад Вашынгтона? Ці дапамагло вам пашырэнне НАТА?

- ЗША даўно ўжо дапамагаюць забяспечваць бяспеку Чэшскай Рэспублікі, і менавіта НАТА, а не ЕЗ, з'яўляецца галоўным апірышчам бяспекі нашай краіны і ўсёй Усходняй Еўропы. Калі б не пашырэнне НАТА ў 1999 г., ніякага пашырэння ЕЗ у 2004 г. б не адбылося.

- Ці лічыце вы, што Украіну і Грузію трэба прыняць у НАТА?

- НАТА, як і ЕЗ, засноўваецца на пэўных каштоўнасцях. Аднак абедзве арганізацыі маюць патрэбу і ў нейкай геаграфічнай канцэпцыі, яны павінны ведаць, якія іх геаграфічныя межы. На мой погляд, гэтая мяжа праходзіць па заходняй мяжы Расеі з Украінай, Беларуссю і г.д., і ў гэтым сэнсе Грузія з'яўляецца часткай Еўропы. Аднак НАТА не павінна ператварацца ў «ААН нумар два». Яе сфера павінна быць даклдана вызначаная геаграфічна.

- Якія пачуцці выклікае ў вас сёння, праз 20 гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны, уздым настальгіі па савецкіх часах ва Усходняй Еўропе?

- Добрыя ўспаміны пра тыя часы, калі вы раслі, калі вы ўпершыню засмяяліся, закладзеныя ў прыродзе чалавека. Людзі старэйшыя зведалі першыя радасці ў жыцці менавіта ў тую эпоху, і гэта вызначае іх памяць пра яе. Для падобнай настальгіі існуюць і аб'ектыўныя падставы, паколькі камуністычная ўлада «клапаціліся» пра чалавека ад нараджэння да смерці – сёння гэтага няма. Што ж датычыць маладога пакалення, дык яно адчувае настальгію па эпосе, якую не ведае па ўласным досведзе: так яны «бунтуюць» супраць існуючага парадку, а гэты бунт уласцівы моладзі ва ўсе часы і ва ўсіх краінах.

- У 1989 г. у нейкі момант людзі раптоўна пазбавіліся страху – калі менавіта гэта здарылася?

- Гэта быў паступовы працэс. Нейкі канкрэтны момант тут вылучыць немагчыма. Абуджэнне, якое прывяло да масавых дэманстрацыяў, мела доўгую перадгісторыю.

- Ва Усходняй Еўропе нарастае правы экстрэмізм. Чым, на вашую думку, гэта абумоўлена?

- У прынцыпе тут ёсць дзве галоўныя прычыны. Першая звязаная з характарам самой чалавечай цывілізацыі. Другая – праява рэакцыі, тыповай для ўсіх посткамуністычных краінаў. Адно можна сказаць з упэўненасцю: гэтую пагрозу трэба знішчаць у зародку. Гэта, на ўласным гістарычным досведзе, добра разумеюць немцы.

- Якія, на ваш погляд, шанцы на перамогу дэмакратыі на Кубе – у адной з апошніх камуністычных дзяржаваў на планеце?

- З боку меркаваць цяжка – як зрэшты і знутры. У свой час мы самі не ведалі, калі прыйдуць перамены. Адно відавочна: таталітарны анклаў кшталту Кубы не можа існаваць да бясконцасці, так што рана ці позна перамены там таксама адбудуцца.

Апошнія навіны