«Фламінга» паразілі ваенны завод у расійскіх Чабаксарах
- 10.06.2026, 7:43
За 1000 км ад украінскай мяжы.
Пад раніцу 10 чэрвеня ў расійскіх Чабаксарах прагучала серыя магутных выбухаў і ўзняўся чорны дым. Верагодна, пад ракетным ударам апынуўся завод «ВНІІР-Прагрэс», які выпускае кампаненты для расійскай зброі, паведамляе «Фокус».
Чабаксары размешчаны прыкладна за 1000 кіламетраў ад мяжы з Украінай. Пра верагодны ўдар па прадпрыемстве паведамілі OSINT-каналы.
«Чабаксары, ракетным ударам быў паражаны «ВНІІР», — пішуць аналітыкі.
На кадрах, якія распаўсюджваюць у Telegram-каналах, бачна, як ужо пасля удараў над Чабаксарамі падымаецца густы чорны дым.
Аналітыкі мяркуюць, што ўдары былі нанесеныя з дапамогай украінскіх ракет FP-5 «Фламінга».
Праз некаторы час маніторынгавыя каналы паведамілі пра новы «прылёт» у Чабаксарах. Інфармацыя пра ўдары і наступствы ўдакладняецца.
Таксама расСМІ паведамлялі, што пад раніцу папярэджанне пра ракетную небяспеку было абвешчана ў Самарскай, Пензенскай, Арынбургскай, Чалябінскай, Свярдлоўскай, Ульянаўскай, Курганскай, Цюменскай і Ніжагародскай абласцях, у Пермскім краі, Татарстане, Чувашыі, ХМАА і ў Удмуртыі.
Што вядома пра завод «ВНІІР-Прагрэс»
Завод «ВНІІР-Прагрэс» у Чабаксарах уваходзіць у склад вытворчага аб’яднання «АБС Электро». Прадпрыемства, у прыватнасці, займаецца вытворчасцю для расійскай арміі ГНСС-прыёмнікаў і антэн для спадарожнікавых сістэм GLONASS, GPS і Galileo, у тым ліку модуляў тыпу «Камета».
Акрамя таго, завод выпускае электратэхнічнае абсталяванне: аўтаматычныя выключальнікі, рэле і бяскантактныя модулі, якія пасля вытворчасці пастаўляюцца расійскаму флоту.