BE RU EN

Першая ахвяра перапісу

  • 13.10.2009, 11:33

У вёсцы Дарлівая Крычаўскага раёна ў пенсіянера скралі 5 280 000 рублёў. Ён выявіў знікненне пасля візіту жанчыны, якая назвалася перапісчыцай.

Паводле сведчання жыхароў Дарлівай, у іх вёску прыехалі дзве жанчыны на машыне «Жыгулі». Адна з іх прыйшла ў хату да 85-гадовага мужчыны і паведаміла, што займаецца перапісам, паведамляе сайт regionby.org.

Гаспадар не праверыў пасведчанне асобы і не пацікавіўся наяўнасцю фірмовага партфеля. Ён даверліва прынёс пашпарт, і пакуль жанчына запаўняла нейкія паперы, пакінуў яе ў пакоі літаральна на некалькі хвілінаў.

Аднак і гэтага часу махлярцы хапіла для таго, каб знайсці прыхаваныя ашчаджэнні гаспадара. Тым больш што грошы пенсіянер захоўваў у дасягальным месцы: скрутак ляжаў пад абрусам на стале. Такая сума мелася ў хаце таму, што толькі напярэдадні гаспадар прадаў каня і калёсы.

Цяпер міліцыя шукае зладзеек і настойліва папярэджвае: у перапісчыкаў трэба пытацца дакументы.

Апошнія навіны