Апазіцыянераў аштрафавалі на 7 мільёнаў рублёў за акцыю, якая не адбылася
- 14.10.2009, 9:35
13 кастрычніка Суд Чыгуначнага раёна Гомеля судзіў сем дэмакратычных актывістаў.
Як нагадвае БелаПАН, 16 верасня 16 апазіцыянераў мелі намер правесці акцыю салідарнасці з сем'ямі зніклых людзей, але былі затрыманыя міліцыяй на шляху да месца правядзення мерапрыемства. У выніку акцыя так і не адбылася.
На паседжаннях суду прадстаўнікі міліцыі сцвярджалі, што ўсе затрыманыя рухаліся па вуліцы арганізаванай калоннай і трымалі партрэты зніклыхВіктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Актывісты даказвалі, што нічога не неслі, паколькі акцыя павінна была распачацца толькі на плошчы Паўстання. У выніку на ўсіх апазіцыянераў, якія паўсталі перад судом, быў накладзены штраф за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. 20 базавымі велічынямі (700 тыс. рублёў) пакараныя Уладзімір Мышак і Марына Смяглікава, штраф у памеры 25 базавых велічыняў (875 тыс. рублёў) трэба выплаціць Уладзіміру Няпомняшчых, 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс.) — Івану Зайцу, 40 базавых велічыняў (1 млн. 400 тыс. рублёў) — Юрыю Захаранку, Васілю Палякову і Аляксандру Процку.
Агулам сямёра актывістаў апазіцыі былі аштрафаваныя на суму 7 млн. 525 тыс. рублёў.
Астатнім удзельнікамі акцыі салідарнасці, якая не адбылася, позвы ў суд пакуль не прыходзілі.
У дакуменце УУС Гомельскага аблвыканкама кажацца, што затрыманне апазіцыянераў было зробленае пасля ананімнага тэлефанавання, якое паступіла па тэлефоне 102. Невядомы нібыта паведаміў, што на плошчы Паўстання запланаванае правядзенне «антыграмадскай акцыі».