Менская міліцыя пачала масава арыштоўваць нядбайных бацькоў
- 19.10.2009, 11:49
Міліцыя Менска стала ўжываць у дачыненні да нядбайных бацькоў новы механізм - адміністрацыйны арышт з абавязковым прыцягненнем да працы.
За месяц арыштавана 56 чалавек, паведамілі карэспандэнту БелТА ва ГУУС Менгарвыканкама.
Асаблівая ўвага ў сталіцы надаецца вышуку тых, хто ўхіляецца ад пакрыцця выдаткаў дзяржавы за ўтрыманне іх дзяцей. З моманту ўступлення ў сілу дэкрэту №18 суды горада абвесцілі ў вышук 519 чалавек, выявілі месцазнаходжанне 505 чалавек, з іх 167 працаўладкавана.
Інфармацыя пра нядбайных бацькоў, якія знаходзяцца ў вышуку, правяраецца сумесна з супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку і тэрытарыяльных упраўленняў унутраных справаў. Пры здзяйсненні трох і больш правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення збіраецца матэрыял для накіравання ў ЛТП. У цяперашні час у ЛТП знаходзяцца 144 нядбайныя бацькі. У бягучым годзе ў дачыненні да 198 чалавек узбуджаныя крымінальныя справы за ўхіленне ад утрымання дзяцей альбо ад пакрыцця выдаткаў, вылучаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей.
Як паведамляе БелТа, супрацоўнікі праваахоўных органаў Менска выкарыстоўваюць і іншыя меры барацьбы з нядбайнымі бацькамі. У прыватнасці, праводзяць іх дактыласкапічную рэгістрацыю і відэаўлік, ставяць адзнакі ў пашпартах пра абавязак пакрываць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні.