Польшча патрабуе тлумачэнняў ад беларускага Міністэрства адукацыі
- 23.10.2009, 13:08
Польская амбасада мае намер звярнуцца да беларускіх уладаў для растлумачэння заяваў Мінадукацыі аб навучальных установах для нацыянальных меншасцяў.
Як нагадвае газета «Наша Ніва», 22 кастрычніка інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі фрагменты гутаркі з намеснікам міністра адукацыі Аляксандрам Жуком, у якіх ён заявіў, што «Беларусь не будзе ствараць спецыяльных школаў для нацыянальных меншасцяў», і што «агульнае выкладанне ўсіх прадметаў у сістэме адукацыі Беларусі будзе весціся толькі на дзяржаўных мовах краіны».
Па словах першага сакратара дыпламатычнага прадстаўніцтва Польшчы ў Беларусі Паўла Марчука, амбасада звернецца да беларускіх уладаў, каб даведацца, што менавіта азначаюць словы Жука.
«У нас няма поўнага тэксту інтэрв'ю, фрагменты выказванняў вядомыя толькі з некаторых інфармацыйных агенцтваў. Хочам даведацца, што канкрэтна хацеў сказаць першы намеснік міністра адукацыі Беларусі», -- адзначыў П. Марчук.